Папа Францішак павіншаваў зь Вялікаднем і заклікаў забясьпечыць людзей вакцынамі

Папа Францішак падчас велікоднай службы ў Ватыкане

Папа Рымскі Францішак другі год запар адслужыў сьвяточную велікодную імшу пры адсутнасьці вялікай колькасьці вернікаў з прычыны каранавірусных абмежаваньняў.

Як і летась, пантыфік правёў службу ў саборы Сьвятога Пятра ў Рыме. На набажэнстве, якое трансьлявалася онлайн, маглі знаходзіцца ня больш за 200 чалавек. Звычайна Папа Рымскі служыць імшу на плошчы перад саборам, дзе зьбіраюцца да ста тысяч пілігрымаў з усяго сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Велікаселец на Вялікдзень: «І ў наш час ёсьць тыя, хто дзеля дабра іншых рызыкуе грамадзкім становішчам і нават жыцьцём»

У звароце да паствы сёлета Папа Рымскі, у прыватнасьці, заклікаў сусьветных лідэраў паспрыяць як мага хутчэйшаму разьмеркаваньню вакцын супраць COVID-19, асабліва сярод жыхароў бедных краінаў. Ён назваў абуральным і недапушчальным марнаваць падчас пандэміі дзяржаўныя сродкі на вайсковыя патрэбы і ваенныя канфлікты.

Пазьней Францішак зьвярнуўся да вернікаў з традыцыйным пасланьнем Urbi et Orbi («Да гораду і сьвету»), у якім ён дабраслаўляе вернікаў і згадвае важныя сусьветныя праблемы. «Пандэмія яшчэ ня скончылася, тады як сацыяльны і эканамічны крызісы застаюцца вельмі сур’ёзнымі, асабліва для бедных», — падкрэсьліў сёлета Папа Рымскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як каталікі ў Горадні сьвяткуюць Вялікдзень. ФОТА

Ён памаліўся за выздараўленьне хворых, выказаў словы падтрымкі тым, хто страціў блізкіх, а таксама тым, хто праз крызісу застаўся бяз працы і заробку. Папа заклікаў улады забясьпечыць неабходным семʼі, якія апынуліся ў нястачы.

Францішак падзякаваў лекарам за іх працу ва ўмовах пандэміі і асобна выказаў падтрымку школьнікам і студэнтам, якія часова пазбаўленыя магчымасьці наведваць заняткі ў клясах.