У Расеі завялі тры крымінальныя справы за кантрабанду нафтапрадуктаў у Беларусь

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Расейскія мытнікі спынілі дзейнасьць злачыннай групы, у якую ўваходзілі беларус і два расейцы.

Пра спыненьне кантрабанды ў буйным памеры гаворыцца ў паведамленьні Фэдэральнай мытнай службы Расеі, інфармуе БелаПАН. Незаконныя апэрацыі прыпыніла Цэнтральная энэргетычная мытня. Кошт незаконна перамешчаных тавараў перавысіў 226 млн расейскіх рублёў, што складае больш за 7,84 млн беларускіх рублёў паводле актуальнага курсу.

Пастаўкі нафтапрадуктаў, абмежаваных да вывазу з Расеі, арганізаваў грамадзянін Беларусі з дапамогай двух расейцаў. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся падкантрольныя кампаніі, зарэгістраваныя ў абедзьвюх дзяржавах.

Мужчыны пазначалі няслушны код тавару на вываз у статыстычных формах уліку, якія падавалі ў расейскія мытныя органы. Нафтапрадукты ў Беларусь завозілі пад выглядам змазачных матэрыялаў, каб абмінуць дэкляраваньне.

Па фактах кантрабанды стратэгічна важных рэсурсаў у буйным памеры завялі тры крымінальныя справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея з 17 сакавіка забараніла пастаўкі яблыкаў зь Берасьцейшчыны

У 2018 годзе Расея падняла пытаньне аб абмежаваньні паставак расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь. Расейскія ўлады матывавалі гэта стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.

Тады ж у кастрычніку ўрады дзьвюх краін узгаднілі індыкатыўныя балянсы і пратаколы ў нафтапрадуктах. Зь лістапада 2018 году Беларусі дазволілі імпартаваць з Расеі толькі нафтапрадукты небеларускай вытворчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Беларусі ў РФ: Рэшту «дарожных мапаў» па інтэграцыі могуць узгадніць у красавіку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія мытнікі перахапілі кантрабанду беларускіх цыгарэт на $2 млн. Лютаўскі рэкорд — $7,5 млн