Рада Бясьпекі ААН асудзіла ўжываньне гвалту супраць дэманстрантаў у М’янме

Сцэна з пратэстаў супраць вайсковай хунты ў М’янме, 1 красавіка 2021

Рада Бясьпекі ААН асудзіла гвалт супраць мірных дэманстрантаў і гібель сотняў мірных жыхароў Мʼянмы.

Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна, але толькі пасьля таго, як яе «зьмякчылі» на просьбу Кітаю.

«Чальцы Рады Бясьпекі выказалі глыбокую занепакоенасьць хуткім пагаршэньнем сытуацыі і рашуча асудзілі ўжываньне гвалту супраць мірных дэманстрантаў і гібель сотняў мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей», — гаворыцца ў заяве ад 1 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі генэральных штабоў 12 краін заклікалі вайскоўцаў М’янмы спыніць гвалт

Заходнія краіны хацелі спаслацца на магчымыя «далейшыя крокі», якія звычайна азначаюць санкцыі. Але Кітай, сусед Мʼянмы і блізкі партнэр, заблякаваў гэткую фармулёўку, заявілі дыпляматы.

Пэкін таксама запатрабаваў, каб слова «забойства» было замененае на «сьмерць».

Паводле дыпляматаў, Расея таксама некалькі разоў блякавала гэты тэкст, бо Масква хацела, каб рэзалюцыя асудзіла сьмерць сілавікоў. Заключная заява заклікала «усе бакі ўстрымлівацца ад гвалту».

Заява прагучала на наступны дзень пасьля таго, як прадстаўнік ААН у М’янме заявіў Радзе бясьпекі, што краіне пагражае грамадзянская вайна і «непазьбежнае кровапраліцьце», паколькі вайскоўцы ўзмацняюць рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі ў М’янме сёньня забілі больш за 100 пратэстоўцаў