Аднаўленьне выпуску «Народнай волі» сарвалася. Друкарня: «На нас наехалі на самым высокім узроўні»

Адзін з нумароў «Народнай волі»

2 красавіка мусіў выйсьці першы пасьля вымушанай паўзы друкаваны нумар газэты «Народная воля». Але маскоўскае прадпрыемства сарвала яе выхад.

Рэдакцыя загадзя заключыла дамову з маскоўскім адкрытым акцыянэрным таварыствам «Полиграфический комплекс» і пералічыла таму неабходную суму на выпуск нумару газэты ад 2 красавіка ў паліграфічным варыянце.

Але калі вёрстка падыходзіла да завяршэньня, у Маскве сказалі: «На нас наехалі на вельмі высокім узроўні, ня хочам страціць друкарню, вяртаем грошы...»

Некалькі месяцаў таму з «Народнай воляй» скасавала дамову друкарня прадпрыемства «Прайм Прынт Масква». Цяпер ад супрацоўніцтва адмовілася другая маскоўская друкарня. У Беларусі шлях друкаваньня газэты закрыты яшчэ са жніўня, калі выдавецтва «Беларускі дом друку» спыніла тыражаваньне газэты быццам ад таго, што зламаўся станок.

Рэдакцыя папрасіла чытачоў падпісвацца на сваю PDF-вэрсію на сайце belpressa.by, а таксама чытаць матэрыялы на партале nv-online.info, якія працягваюць выходзіць там, нягледзячы на кібэратаку, якую зафіксавалі ў сакавіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт газэты «Народнай Волі» з вечара пятніцы зазнае кібэратаку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часопісаў, якія адмовіўся прадаваць «Белсаюздрук», за 2 дні прадалі больш, чым за месяц
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістаў на масавых акцыях могуць афіцыйна прыраўняць да ўдзельнікаў