Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопісаў, якія адмовіўся прадаваць «Белсаюздрук», за 2 дні прадалі больш, чым за месяц


Беларускі часопіс «Наша гісторыя»
Беларускі часопіс «Наша гісторыя»

Пасьля таго, як 5 сакавіка «Белсаюздрук» адмовіўся прадаваць папулярныя часопісы «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асьцярожна, дзеці!», выдаўцы прапанавалі чытачам купляць часопіс у рэдакцыі. І за 2 дні здолелі прадаць больш часопісаў, чым звычайна за месяц.

«У касавым апараце скончыўся запас стужкі, тры разы пазычалі ў суседніх крамах, — піша рэдактар часопісаў Андрэй Дынько і дзякуе ўсім, хто за гэтыя два дні прыйшоў набыць „Нашу гісторыю“, „Дуду“ і „Асьцярожна, дзеці!“. — Гэта было прыгожа, столькі салідарнасьці ў нашым народзе цяпер. У выніку, насуперак тым, каго Янка Купала называў „ворагамі беларушчыны“, у часопісаў зьявяцца новыя чытачы, якія раней і ня ведалі пра іх».

Ён просіць беларусаў і надалей падтрымліваць выданьні, якія «душаць» улады — набываць іх штомесяц або падпісвацца, а таксама працягваць высылаць электронныя звароты да ўладаў, каб часопісы, патрэбныя для інтэлектуальнага росту, вярнулі ў шапікі «Белсаюздруку».

Пакуль часопісы плянуюць штомесяц 2 дні прадаваць у рэдакцыі «Народнай волі». У выпадку, калі часопісы выкінуць і з падпіскі, рэдакцыя плянуе наладзіць уласную сыстэму дастаўкі, як было з газэтай «Наша ніва» ў 2006–2008 гадах.

Раней «Белсаюздрук» адмовіўся распаўсюджваць незалежныя газэты «Народная воля», «Новы час» і іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG