АНТ: Арыштавалі афіцэра КДБ, які нібыта перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналам

Паводле АНТ, гэта арыштаваны падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч

Падпалкоўніка Аляксея Храловіча вінавацяць у «дзяржаўнай здрадзе». У СІЗА КДБ апынуліся таксама вэтэран «Алмаза» і афіцэр Генштабу.

На дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фільм «Манкурты», у якім сказалі, што менавіта Аляксей Храловіч перадаў Сьцяпану Пуцілу аўдыё скандальных тэлефонных перамоў, якія пралівалі сьвятло на абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі, піша «Наша ніва».

Магчыма, што падпалкоўнік здабыў перамовы Дзьмітрыя Баскава, Натальлі Эйсмант і Дзьмітрыя Шакуты з выкарыстаньнем службовых магчымасьцяў. Храловічу нібыта прапанавалі паўдзельнічаць у апэратыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі зь Беларусі асобаў, зьвязаных з рухам за грамадзянскія правы і свабодныя выбары, якім пагражае небясьпека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Занадта мяккае рашэньне». Генпракуратура настойвае на пераглядзе прысуду журналістцы Кацярыне Барысевіч

У фільме сьцьвярджаюць, што Храловіч ізноў выйшаў на сувязь з Пуцілам і прапанаваў таму нейкую новую «сакрэтную» інфармацыю, але ў абмен на бясьпечны вываз з краіны. Вываз афіцэра КДБ нібыта арганізаваў Ігар Макар, аднак яго выканаўцаў, паводле АНТ, затрымалі.

Сярод таварышаў Макара, якія мелі арганізаваць выезд, згадваецца Вячаслаў Сідаракін, вэтэран «Алмаза», які апынуўся ў СІЗА КДБ.

Што да тэлефонных размоў прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі, то ў фільме сьцьвярджаецца, што яны былі «сьледчым экспэрымэнтам, інсцэніроўкай» — у прыватнасьці, з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам, а таксама Дзьмітрыем Баскавым. Пра размову Баскава зь Дзьмітрыем Шакутам, дзе абмяркоўваліся дэталі выкраданьня Рамана Бандарэнкі, канал змаўчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вораг і здраднік нашай дзяржавы». Карпянкоў адрэагаваў на інтэрвію былога падначаленага Лупаносава

Таксама ў прапагандысцкім фільме заявілі, што арыштаваны капітан Дзяніс Урад, які 14 сакавіка на дзяжурстве на посьце спэцсувязі Генштабу сфатаграфаваў сакрэтны ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны — можна меркаваць, што гэта дакумэнт аб ахове будынкаў сілавых ведамстваў на 25 сакавіка.

АНТ не паведаміла, якім чынам спэцслужбы выявілі крыніцу інфармацыі.

Паводле фільму, супраць капітана Ўрада завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб здрадзе радзіме, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першае інтэрвію афіцэра ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю ByPol: «Рух супраціву ў органах ёсьць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як на вайне». BYPOL апублікаваў запіс, на якім меркаваны міліцэйскі начальнік кажа пра загад хапаць усіх
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL: Мы сарвалі тэракт, у адказ абвінавацілі нас