Прэмію Багушэвіча атрымаў журналіст Свабоды за кнігу пра Каліноўскага

30 скавіка Беларускі ПЭН-цэнтар абвясьціў вынікі Прэміі Францішка Багушэвіча, якая ўручаецца за найлепшую гістарычную прозу.

Ляўрэатам стаў доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Заўтра (31 сакавіка) а 19.00 пройдзе онлайн-уручэнне прэміі, падчас якой Сяргей Абламейка прачытае лекцыю паводле сваёй кнігі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго я не сказаў у кнізе пра Каліноўскага

У кнізе Абламейка па-новаму паглядзеў на ролю і значэньне кіраўніка антырасейскага вызвольнага паўстаньня 1863–64 гадоў. «Азначэньне „герой“ — неадпаведнае постаці Кастуся Каліноўскага, яно недакладна вызначае ролю гэтага чалавека ў беларускай гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін», — кажа аўтар. І ў дваццаці пяці гісторыка-філязофскіх эсэ пераканаўча даводзіць, што Каліноўскі — гэта бацька новай беларускай дзяржаўнасьці.

Сяргей Абламейка на прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Менску ў лютым 2020 году

«Добрыя гістарычныя кнігі расказваюць, як усё насамрэч было, выдатныя — чаму. Але ёсьць такія, якія адказваюць на пытаньне пра будучыню. Журы ПЭН-цэнтру мае шчасьлівую здольнасьць адзначаць прэміяй імя Багушэвіча менавіта такія кнігі, — сказаў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. — Гэта трэцяя кніга Сяргея Абламейкі, якая пабачыла сьвет у Бібліятэцы Свабоды, і я рады паведаміць чытачам, што зараз мы завяршаем працу над выхадам чацьвертай. Гэта ўнікальны нават для нашай Бібліятэкі досьлед зьнікненьня Старога Менску, дэфібрыляцыя сэрца гораду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Абламейка: «Сёлета я ўбачыў адукаваную і культурную эўрапейскую нацыю беларусаў»

Прэмія Францішка Багушэвіча была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1994 годзе.​ Пазалетась гэтую прэмію атрымаў Васіль Герасімчык за кнігу «Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда».

У розныя гады прэмію атрымлівалі Ніна Стужынская, Захар Шыбека, Аляксандар Надсан, Аляксандар Лукашук, Алесь Краўцэвіч, Уладзімер Лякін.