Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка: «Сёлета я ўбачыў адукаваную і культурную эўрапейскую нацыю беларусаў»


Сяргей Абламейка падпісвае кнігі чытачам на адной з прэзэнтацый 2 лютага 2020 году ў Менску. Клюб Republic
Сяргей Абламейка падпісвае кнігі чытачам на адной з прэзэнтацый 2 лютага 2020 году ў Менску. Клюб Republic

«Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» — найлепшая паводле вэрсіі Радыё Свабода кніга 2020-га ў намінацыі «нон-фікш». Зьмест кнігі склалі 25 эсэ доктара гісторыі, літаратара і журналіста Сяргея Абламейкі.

У інтэрвію Свабодзе аўтар расказвае, як узьнікла ідэя кнігі, як яна пісалася і што новае і нечаканае даведаюцца чытачы зь яе старонак.

Пра што кніга «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Сьцісла

У сваёй кнізе «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» Сяргей Абламейка па-новаму паглядзеў на ролю і значэньне кіраўніка антырасейскага вызвольнага паўстаньня 1863–64 гадоў. «Азначэньне „герой“ — неадпаведнае постаці Кастуся Каліноўскага, яно недакладна вызначае ролю гэтага чалавека ў беларускай гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін», — кажа аўтар. І ў дваццаці пяці гісторыка-філязофскіх эсэ пераканаўча даводзіць, што Каліноўскі — гэта бацька новай беларускай дзяржаўнасьці.

— Як і калі ўзьнікла задума кнігі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»? Ці паўплывалі на яе падзеі, зьвязаныя з адшуканьнем парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў ды ўздым нацыянальнага духу ў часе іх пахаваньня ў Вільні ў лістападзе 2019 году?

— Вядома, адшуканьне парэшткаў паўплывала самым непасрэдным чынам. Летам 2019 году, па меры набліжэньня да даты пахаваньня паўстанцаў, я стаў пераглядаць кнігі пра Кастуся Каліноўскага, якія выйшлі ў Беларусі за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў. Адразу стала ясна, што мне тыя падзеі і постаць Каліноўскага бачацца інакш, чым аўтарам ранейшых кніжак, і што мне ўдасца сказаць пра Каліноўскага нешта новае — тое, што пра яго яшчэ ніхто ніколі не сказаў.

Большую частку працы для асэнсаваньня постаці Каліноўскага зрабіў Генадзь Васілевіч Кісялёў, які ня толькі сказаў важныя словы пра Кастуся, але і сабраў дакумэнты паўстаньня і тэксты сучасьнікаў пра Каліноўскага. Для таго, каб разабрацца ў тым, што адбылося ў Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі, ужо ня трэба было працаваць у архівах. Дастаткова было ўважліва прааналізаваць тое, што было апублікавана.

Мне часам здаецца, што я завяршыў асэнсаваньне постаці Каліноўскага і зьместу паўстаньня, якое пачаў Генадзь Кісялёў. Думаю, каб ён жыў, то быў бы рады і задаволены маёй кнігай. Я нават хацеў прысьвяціць яе Генадзю Васілевічу, але пасьля падумаў, што яна ўсё ж фактычна прысьвечаная Кастусю.

Першапачаткова я зьбіраўся напісаць невялікі тэкст і апублікаваць яго ў сваім блогу на сайце Радыё Свабода. Я ўзяўся за працу, напісаў тэкст, але ён перастаў мяне слухацца і стаў разрастацца па меры асэнсаваньня падзеў і рэальнасьцяў ХІХ стагодзьдзя ў Беларусі.

Напярэдадні выезду ў Вільню на пахаваньне Каліноўскага і яго паплечнікаў я апублікаваў тэкст «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі», ужо разумеючы, што на гэтым не змагу спыніцца. У галаве было яшчэ шмат думак.

А тое, што адбылося ў Вільні 22 і 23 лістапада 2019 году, безумоўна паўплывала на рашэньне павялічыць тэкст і выдаць яго асобнай кнігай. Неверагодны духоўны і нацыянальны ўздым тысяч беларусаў, мора бел-чырвона-белых сьцягоў уражвалі і натхнялі. Шмат хто падыходзіў да мяне на вуліцы і дзякаваў за тэкст, віншаваў зь яго напісаньнем. Ну і, вядома, сама містэрыя пахаваньня паўстанцаў, як яе назваў Аляксандар Лукашук, і мой удзел у ёй таксама надалі новай сілы і энэргіі, каб узяцца за працяг першапачатковага эсэ.

Канец лістапада і ўвесь сьнежань я працаваў над працягам тэксту, яшчэ ня ведаючы, якую форму ён набудзе ў канцы. 24 сьнежня 2019 году на сайце Свабоды была апублікаваная другая частка «Як Каліноўскі аддзяліў Беларусь і Літву ад Польшчы».

Але і гэта яшчэ быў не канец. Апошнюю кропку я паставіў позна ўвечары 31 сьнежня 2019 году, напісаўшы разьдзел «Сымболіка ягонай сьмерці».

У студзені ішла праца над макетам і ілюстрацыямі. Мы стараліся пасьпець да 1 лютага — дня нараджэньня мадэрнай Беларусі. У гэты дзень у 1863 годзе ў Вільні быў створаны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім.

Спачатку я хацеў назваць тэкст нарысам гісторыі палітычнага нараджэньня Беларусі. Але ўрэшце вырашыў назваць яго гістарычна-філязофскім эсэ і прыбраў спасылкі на крыніцы, каб яны не абцяжарвалі чытаньне. Магчыма, гэта была памылка. Тэкст мог бы выглядаць больш важка найперш у вачах прафэсійных гісторыкаў.

Але так ці іначай, ён застаецца новым словам і новым асэнсаваньнем тых падзеяў і пэўнага пэрыяду беларускай гісторыі.

— Прэзэнтацыя першага выданьня вашай кнігі ў Менску 3 лютага 2020 году засьведчыла велізарную чытацкую зацікаўленасьць ёю. Што сталася адной з прычынаў выхаду другога, дапоўненага выданьня. І яно разьляцелася вокамгненна. У чым, па-вашаму, палягае посьпех кнігі? Што такога новага, нечаканага знайшлі ў ёй чытачы?

— Я думаю, што беларускае грамадзтва імкліва расло нацыянальна ў апошнія гады. Асабліва гэты працэс паскорыўся ад 2014 году, пасьля падзеяў у Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Надалі гэтаму працэсу хуткасьці і падзеі ў Беларусі вакол дармаедзкіх указаў у 2017 годзе, і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, і, безумоўна, адшуканьне парэшткаў паўстанцаў і іх грандыёзнае пахаваньне, якое глядзелі ў жывым этэры сотні тысяч беларусаў.

На такую кнігу было грамадзкае запатрабаваньне. Аказалася, што кароткая гісторыя нараджэньня новай беларускай нацыі, чым, фактычна, зьяўляецца кніга, была вельмі патрэбная новаму пакаленьню думаючых беларусаў, нашай новай сярэдняй клясе. І выявілася, што акцэнт на простыя рэчы, як, напрыклад, стварэньне першага ўраду новай, мадэрнай Беларусі або нацыянальныя, незалежніцкія погляды і рыторыка Кастуся Каліноўскага, быў слушны і пацэліў. Аказалася, што людзі чакалі менавіта гэтага.

Іншымі словамі, мы ўсе расьлі нацыянальна і інтэлектуальна ў апошнія дзесяцігодзьдзі. І новае асэнсаваньне постаці і даробку Кастуся Каліноўскага зьяўляецца часткай і вынікам гэтага нацыянальнага росту.

Для мяне асабіста, як для аўтара, адной з самых важных частак кнігі зьяўляецца параўнаньне ідэяў каліноўцаў з канцэптуальнымі распрацоўкамі гісторыкаў ХХ стагодзьдзя — тэарэтыкаў нацыятворчых працэсаў. Я ўбачыў, што ўсё пачалося не ў пачатку ХХ стагодзьдзя, але яшчэ тады, у сярэдзіне ХІХ ст.

— На пачатку сёлетняй жнівеньскай рэвалюцыі па Менску шырыўся жарт, што, маўляў, спачатку беларусы знайшлі Каліноўскага, а потым ён вывеў іх на новае змаганьне. Ці ёсьць у вас адчуваньне, што старонкі вашай кнігі пра вызвольнае паўстаньне 1863–1964 гадоў і ягонага кіраўніка выліліся на беларускія вуліцы і пляцы і сталі рэальнымі падзеямі? І чым, па-вашаму, яны скончацца?

— Цяжка сказаць. Вядома, у адрозьненьне ад некаторых аналітыкаў, якія любой цаной, нават коштам страты рэпутацыі, стараюцца «разнацыяналіць» цяперашні пратэст, я бачу ў падзеях 2020 году ў Беларусі глыбокі нацыянальны зьмест. І пра гэта напісаў у сэрыі сваіх культуралягічных эсэ летам-восеньню 2020 году.

Але сказаць, што непасрэдна старонкі маёй кнігі пра Каліноўскага вывелі людзей на вуліцы і пляцы нашых гарадоў, я не магу. Хоць і думаю, што сярод сотняў удзельнікаў трох прэзэнтацый маёй кнігі ў Менску 2–3 лютага 2019 году, многія ўжо пабывалі за кратамі як удзельнікі мірнага пратэсту.

Сказаць, чым цяперашнія падзеі скончацца, я таксама не магу. Гісторыя — вельмі непрадказальная штука. Вельмі шмат розных фактараў могуць паўплываць на сытуацыю. Вядома, я хацеў бы, каб Беларусь выйшла на дарогу незалежнага разьвіцьця і дабрабыту са зьмяняльным, дэмакратычна абіраным кіраўніцтвам.

Але чым бы цяперашнія падзеі ня скончыліся, для мяне ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ўсё адбылося. Я ўбачыў тое, чаго вельмі хацеў і чаго вельмі баяўся ня ўбачыць. Я ўбачыў адукаваную і культурную эўрапейскую нацыю беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG