Што вядома пра перасьлед незарэгістраванага Саюзу палякаў у Горадзенскай вобласьці і пра фігурантаў справы

Прамаўляе Анджэй Пачобут, у цэнтры Анжаліка Борыс, 2010 год

У Горадні 25 сакавіка прайшлі ператрусы ў сяброў незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі, а таксама на сядзібе арганізацыі. Завялі крымінальную справу за «распальваньне варажнечы». Трох чалавек затрымалі і даставілі ў Менск.

Што адбылося?

Зранку 25 сакавіка міліцыя прыйшла зь ператрусамі дадому да трох сябраў не прызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні і вобласьці. Таксама прайшоў ператрус на сядзібе незарэгістраванага СПБ у Горадні і ў грамадзкай школе імя караля Стэфана Баторыя, якая месьціцца пры ім.

Што кажуць улады?

Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу на старшыню незарэгістраванага СПБ Анжаліку Борыс і іншых асобаў за «распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Колькі ўсяго фігурантаў, невядома.

Паводле пракуратуры, гэтыя людзі праводзілі незаконныя мерапрыемствы з удзелам непаўналетніх у Горадні і вобласьці з 2018 году: ушаноўвалі антысавецкіх дзеячоў, «перасьледавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўданьня генацыду беларускага народу» (частка 3 артыкула 130 КК). Артыкул прадугледжвае пакараньне ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць дзеячоў Саюзу палякаў Беларусі завялі крымінальную справу

Каго затрымалі?

  • горадзенскага журналіста Анджэя Пачобута;
  • кіраўніцу аддзелу незарэгістраванага СПБ у Ваўкавыску і дырэктарку школкі пры ім Марыю Цішкоўскую;
  • кіраўніцу аддзелу незарэгістраванага СПБ у Лідзе Ірэну Бярнацкую.

У іх дома прайшлі ператрусы. Забіралі тэхніку, дакумэнты, нататнікі, польскую літаратуру. Усіх траіх даставілі ў Менск на допыты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі правялі ператрусы ў актывістаў Саюзу палякаў. Анджэя Пачобута затрымалі

Пасьля ператрусу на сядзібе СПБ і ў школе імя Баторыя нікога не затрымалі. Падчас ператрусу там знаходзілася дырэктарка, выкладчыкі, іншыя сябры СПБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзіба Саюзу палякаў Беларусі пасьля 8-гадзіннага ператрусу. ФАТАФАКТ

Анжаліку Борыс затрымалі ўвечары 23 сакавіка. На наступны дзень яе асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за правядзеньне традыцыйнага сьвята Казюкі ў дворыку польскага консульства ў Горадні. Цяпер яна адбывае арышт.

Як адрэагавалі Польшча і Эўразьвяз?

Пасьля затрыманьня Борыс МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі і выказала пратэст у сувязі з сытуацыяй.

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў заявіў, што затрыманьне і рашэньне суду ў дачыненьні да Анжалікі Борыс недапушчальныя і супярэчаць міжнародным стандартам. Кіраўнік польскай дыпляматыі 24 сакавіка ўзьняў гэтае пытаньне на сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Брусэлі, а таксама на перамовах зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем і дзейным старшынём АБСЭ Ан Ліндэ.

Спыніць хвалю рэпрэсій заклікаў улады Беларусі намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач. У сваім твітэры ён напісаў, што сытуацыя вакол журналіста і члена праўленьня СПБ (не прызнанага афіцыйным Менскам) Анджэя Пачобута і іншых палякаў не застанецца па-за ўвагай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: Сытуацыя вакол Пачобута і іншых палякаў не застаецца без рэакцыі

Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхаіл Дворчык назваў Пачобута прынцыповым чалавекам, які «шмат разоў быў рэпрэсаваны рэжымам Лукашэнкі». «Анджэй, трымайся! Мы вас ня кінем!» — паабяцаў Дворчык у Твітэры.

Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў міжнароднай палітыцы і палітыцы бясьпекі, 25 сакавіка заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута.

«Мы назіраем далейшую эскаляцыю рэпрэсій супраць беларускага народу, уключаючы арганізаваныя кампаніі перасьледу праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, — адзначыў Бурэль у заяве, апублікаванай на сайце ЭЗ. — Апошнія падзеі паказалі, што найноўшай мішэньню гэтай палітыкі стаў Саюз палякаў Беларусі».

Што гэта за арганізацыя?

Саюз палякаў на Беларусі існуе з 1986 году. Ён аб’ядноўвае этнічных палякаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Галоўныя задачы таварыства — падтрымка польскай школьнай справы, польскай культуры і традыцый і выдаваньне друкаванай прадукцыі на польскай мове. Максымальна ў арганізацыю ўваходзіла каля 30 тысяч сябраў у 1999 годзе.

У 2005 годзе ў арганізацыі адбыўся раскол і паўсталі два саюзы: праўладны і незалежны, якога не прызнаюць беларускія ўлады, але які падтрымлівае афіцыйная Польшча. Цяпер адбываецца перасьлед менавіта другога, незарэгістраванага Саюзу палякаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўлады распачалі антыпольскую кампанію
  • Анжаліцы Борыс 47 гадоў. Яна ўзначальвала не прызнаны беларускімі ўладамі СПБ у 2005–2010 гадах, а потым з 2016 году дагэтуль. Сёлета ў сакавіку яе паўторна абралі на пасаду старшыні Саюзу. Борыс ня раз атрымлівала вялікія штрафы за правядзеньне імпрэзаў у межах сваёй арганізацыі ў 2008 і 2010 гадах. У 2019 годзе яе судзілі за арганізацыю традыцыйнага сьвята Казюкі, аднак апраўдалі праз «малазначнасьць парушэньня».
  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст, які працаваў для беларускіх і польскіх незалежных выданьняў, у тым ліку быў рэдактарам часопіса «Magazyn Polski na uchodźstwie», карэспандэнтам буйнога польскага выданьня «Gazeta Wyborcza». Пачобуту ня раз давалі штрафы і адміністрацыйныя суткі за ягоную дзейнасьць. Па крымінальных справах за паклёп і абразу кіраўніка дзяржавы яго некалькі разоў затрымлівалі ў 2011 і 2012 годзе, тады некалькі месяцаў ён правёў пад вартай. Пачобуту 47 гадоў, жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ва ўнівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • Ірэну Бярнацкую, якая ўзначальвае аддзел незарэгістраванага СПБ у Лідзе, летась асудзілі за малітву за Беларусь каля касьцёла.