Улады Лагойску заплянавалі знос стайні графаў Тышкевічаў, якая зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю

Былая стайня на сядзібе Тышкевічаў у Лагойску. Стан у 2021 годзе

У Лагойску могуць зьнесьці былую стайню графаў Тышкевічаў, пабудаваную яшчэ ў ХIХ стагодзьдзі.

Пра гэта паведамілі на гарачай лініі ў мясцовым райвыканкаме, інфармуе Tut.by. Супрацоўнік райвыканкаму сказаў, што будынак заплянаваны пад знос. Рашэньне пакуль не прынятае, аднак чыноўнікі, як вынікае з адказу на гарачай лініі, пакуль не разглядаюць пытаньне аб захаваньні будынка.

Сёньня афармляюцца дакумэнты, якія дазволяць знос будынку. Па словах прадстаўніка райвыканкаму, «з гэтымі дакумэнтамі ваююць цэлы год і зь Міністэрствам культуры». Менавіта адтуль чакаюць дазволу на знос.

Будынак былой стайні ў Лагойску. Раней яна належала графам Тышкевічам

На гэты момант лагойскія чыноўнікі ня бачаць «ніякай гістарычнай каштоўнасьці» гэтага будынка.

У аддзеле ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Лагойскага райвыканкаму паведамілі, што зараз «праходзіць экспэртыза гістарычнай ацэнкі дадзенага будынка. Ня больш за тое».

Фрагмэнты былой сядзібы графаў Тышкевічаў — рэшткі палаца, будынак былой фабрыкі, былыя стайня, лядоўня, вартоўня, тэрыторыі былога касьцёла (фамільнай крыпты) і парк — уключаныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. На будынку былой стайні вісіць ахоўная дошка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзякуючы грамадзкаму розгаласу ўдалося прадухіліць знос сядзібы Цюндзявіцкіх у Талачынскім раёне

У 1815 г. граф Пій Тышкевіч пабудаваў у Лагойску каменны палац, а вакол яго разьбіў вялікі «ангельскі» парк. Сядзібу падарвалі падчас ІІ усясьветнай вайны, але фрагмэнты захаваліся да гэтага часу.

Паводле арт. 344 Крымінальнага кодэксу «наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў караюцца грамадзкімі работамі, або штрафам, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зь ім на адной хвалі». Як Горват з аднадумцамі купіў нараўлянскі палац
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палац Радзівілаў у Паланечцы прадалі на аўкцыёне. Яго выстаўлялі на продаж з 2013 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі ўчора дазналася, што яна ў аварыйным стане». Пакупніца слонімскай сынагогі расказала пра свае пляны