Аб’ект, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, быў выстаўлены на продаж з паніжэньнем пачатковай цаны на 80% — за 19 200 рублёў, бо на першым аўкцыёне палац ніхто не набыў, паведаміў БЕЛТА старшыня камітэту «Берасьцеаблмаёмасьць» Павал Манько. За суму, павялічаную на 5%, яго набыў адзіны ўдзельнік таргоў — індывідуальны прадпрымальнік зь Менску.
Новы ўласьнік плянуе аднавіць княскую сядзібу. У комплекс будынкаў уваходзяць двухпавярховы капітальны будынак плошчай 1,6 тыс. кв.м, пабудаваны ў 1836 годзе, сталоўка з трыма прыбудовамі й кацельня. Зямельны ўчастак плошчай 3,3 га выдаецца ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.
Па ўмовах продажу новы ўласнік абавязаны рэстаўраваць будынкі ў тэрміны, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй, падпісаць і зарэгістраваць у Міністэрстве культуры ахоўнае абавязаньне і выкарыстоўваць аб’ект на працягу 3 гадоў з моманту ўводу ў эксплюатацыю.
Будынак былога палаца Радзівілаў Баранавіцкі райвыканкам спрабаваў прадаць з 2013 году. За гэты час яго цана зьнізілася амаль у шэсьць разоў. У 2014 годзе са зьніжэньнем цаны на 50% палацавы комплекс набыло менскае ТАА «Спецактыўбуд-інвест». Аднак, не знайшоўшы інвэстара, фірма ня здолела выплаціць канчатковую суму, і ў 2016 годзе комплекс вярнуўся ў камунальную ўласнасьць раёна.
Палац у вёсцы Паланечка — помнік архітэктуры клясыцызму. Ён пабудаваны ў другой палове XVIII стагодзьдзя на загад Мацея Радзівіла. Нашчадкі Радзівілаў жылі ў Паланечцы да прыходу Савецкага Саюзу ў 1939 годзе. Пасьля вайны ў палацы месьцілася школа-інтэрнат. З 1999 году палац пустуе.
Перадача з цыклю «Падарожжы Свабоды» пра вёску Паланечка
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com