Жыхары дома на праспэкце Дзяржынскага, 119, што ў мікрараёне Брылевічы, укруцілі белыя і чырвоныя лямпачкі ў адным з пад’ездаў. Увечары дом дзякуючы пад’езду стаў гарэць белым і чырвоным пасьля доўгага перапынку, піша тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».
Дом з падсьвечваньнем у нацыянальных колерах, 24 сакавіка 2021 году, Брылевічы, Менск
Падзеі адбываліся ў дзясятым пад’езьдзе гэтага дома. Прыкладна а 21-й гадзіне пад’езд падсьвятліў дом у бел-чырвона-белыя колеры, а палове на дванаццатую туды прыехалі невядомыя, хутчэй за ўсё сілавікі, у чорнай і аліўкавай форме.
Частку пляфонаў разьбілі палкамі або вырвалі, частку пафарбавалі ў зялёны колер — пад афіцыйны сьцяг.
Пляфон, пафарбаваны ў зялёны колер
Усе нападнікі былі ў балаклавах, іх арганізаваны прыезд і дзеяньні ў пад’езьдзе зафіксавалі камэры відэаназіраньня ў пад’ездах. Налёт адбываўся на вачах жыхароў суседніх дамоў.
Увечары 24 сакавіка ў шэрагу раёнаў Менску людзі запускалі салюты ў гонар Дня Волі. Гэта адбывалася, нягледзячы на патруляваньне вуліц, якое сілавікі сур'ёзна ўзмацнілі напярэдадні 25 сакавіка.
Удзень 24 сакавіка з вакна адной з аўдыторый Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, неўзабаве на месца прыбыў АМАП. Таксама нацыянальныя сьцягі зьяўляліся 24 сакавіка і ранкам 25 на розных дамах у сталіцы краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве празь бел-чырвона-белы сьцяг узламалі офіс сацыял-дэмакратаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніка музэю ВАВ затрымалі ў мэтро за значок з «Пагоняй» і арыштавалі на 15 сутак