Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніка музэю ВАВ затрымалі ў мэтро за значок з «Пагоняй» і арыштавалі на 15 сутак


Адна з варыяцый гербу «Пагоня»
Адна з варыяцый гербу «Пагоня»

На судзе міліцыянт сьцьвярджаў, што мужчыну «забралі з кватэры на прафіляктычную гутарку».

29-гадовага супрацоўніка музэю Вялікай Aйчыннай вайны Юрыя Куўшынава затрымалі ўвечары 21 сакавіка ў мэтро на станцыі «Кастрычніцкая». Увагу міліцыянтаў прыцягнуў значок на заплечніку з гербам «Пагоня». Але ў Ленінскім РУУСе на Юрыя склалі пратакол за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», паведаміў тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».

У пратаколе напісалі, што Юрыя затрымалі дома за шэсьце на вуліцы Ракасоўскага 17 сакавіка і адвезьлі ў Ленінскае РУУС, дзе ён нібыта аказаў непадпарадкаваньне. Але насамрэч яго затрымалі на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Там яго спынілі людзі ў цывільным і спыталі пра значок. Потым да Юрыя падышлі амапаўцы і затрымалі яго.

Справу разглядала судзьдзя Ленінскага раёну Менску Юлія Інчына. Сьведка-міліцыянт на судзе паведаміў, што рабіў «кватэрны абыход асоб, якія ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах», Куўшынава затрымалі дома і павезьлі ў РУУС. Але насамрэч супрацоўнік музэю быў на працы і спусьціўся ў мэтро.

Пасьля перапынку ў працэсе Інчына зноўку дапытала сьведку праз супярэчнасьці, і тады гэты міліцыянт раптам сказаў, што «з прычыны загружанасьці пераблытаў месца затрыманьня, бо супрацоўнікам даводзіцца хадзіць ня толькі па кватэрах, але й запрашаць на гутаркі проста на вуліцы».

Нягледзячы на супярэчлівыя паказаньні сьведкі, судзьдзя арыштавала Куўшынава на 15 дзён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG