Каманда Навальнага анансавала вясновы мітынг за яго вызваленьне

Марш у Маскве ў памяць Барыса Нямцова. Архіўнае фота

Каманда Аляксея Навальнага анансавала вясновы мітынг за яго вызваленьне. Ягоныя паплечнікі плянуюць паведаміць пра час і месца правядзеньня акцыі толькі пасьля таго, як у ёй выкажуць гатоўнасьць удзельнічаць 500 тысяч чалавек.

Паведамленьне пра гэта зьявілася на сайце палітыка.

Для рэгістрацыі на мітынг быў запушчаны асобны сайт, які аказаўся недаступны адразу пасьля анонсу акцыі. Прыхільнікі Навальнага ўпэўненыя, што ім удасца сабраць самую масавую акцыю ў гісторыі сучаснай Расеі. У тэксьце ўдакладняецца, што мітынг — толькі частка пляну вызваленьня палітыка.

2 лютага Сіманаўскі суд Масквы адправіў Навальнага ў калёнію паводле крымінальнай справы 2013 году. Палітык павінен будзе правесьці ў зьняволеньні каля двух з паловай гадоў. Пакараньне ён адбывае ў ВК-2 у горадзе Пакроў за 110 кілямэтраў ад Масквы.

Вызваленьня палітыка запатрабавалі ЗША, краіны Эўразьвязу і прыхільнікі расейскай апазыцыі. Зімой у падтрымку Навальнага прайшлі масавыя акцыі пратэсту, у іх узялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек, тысячы былі затрыманыя паліцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сілавік ёсьць, разумовіка ня трэба». Стваральнік расейскага мультсэрыялу пра тое, як яго жарты становяцца рэальнасьцю

Пасьля акцый пратэсту была заведзена крымінальная справа супраць блізкага атачэньня палітыка аб парушэньні санітарных нормаў — сьледзтва сьцьвярджае, што акцыі пратэсту маглі спрыяць распаўсюду COVID-19. Частка паплечнікаў цяпер пад хатнім арыштам, частка — па-за межамі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве ўпершыню асудзілі на рэальны тэрмін удзельніка акцыі пратэсту ў абарону Навальнага