У Беларусі пачалі прышчапляць ад каранавірусу кітайскай вакцынай

Кітайская вакцына супраць каранавірусу, каляж

У Беларусі пачалася вакцынацыя кітайскай вакцынай SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), Inactivated, кампаніі Sinopharm

Пра гэта паведаміў Інтэрфакс са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Паводле міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, «каля двух тыдняў прэпарат праходзіў лябараторны кантроль, у працэсе якога беларускія экспэрты пераканаліся ў яго высокай якасьці і бясьпецы. Наступны этап — вакцынацыя, яна пачалася сёньня: першай мэдычнай установай, дзе выкарысталі SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), стала сталічная 39-я паліклініка».

«Сёньня гістарычны момант — у лютым мы атрымалі сто тысяч дозаў кітайскай вакцыны — гэтую партыю паставілі ў нашу краіну дзякуючы дамоўленасьцям кіраўнікоў дзяржаваў. Першымі вакцыну атрымаюць сёньня мэдыкі, пэдагогі, сацыяльныя работнікі», — дадаў Піневіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ працягваюцца спрэчкі пра стратэгію вакцынацыі

Міністар таксама паведаміў, што абмяркоўваецца пытаньне вытворчасьці вакцыны SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell) у Беларусі. «Магчыма, гэта адбудзецца на базе Індустрыяльнага парку „Вялікі камень“», — сказаў ён.