Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Вугоршчыны прышчапіўся кітайскай вакцынай


Віктар Орбан

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан у нядзелю прышчапіўся ад каранавірусу вакцынай, распрацаванай кітайскай кампаніяй Sinopharm.

Вугоршчына на гэтым тыдні стала першай краінай Эўрапейскага зьвязу, якая пачала вакцынацыю кітайскім прэпаратам — нягледзячы на тое, што ён пакуль ня быў ухвалены на ўзроўні Эўразьвязу.

Раней для выкарыстання ў Вугоршчыне была ўхваленая расейская вакцына «Спутнік V» — таксама без рэгістрацыі ў ЭЗ. Чаму Орбан прышчапіўся кітайскай вакцынай, а не расейскай і ня прэпаратамі, якія былі ўхваленыя ЭЗ і таксама даступныя ў Вугоршчыне — вытворчасці Pfizer, Moderna і AstraZeneca — не паведамляецца.

Орбан выказаў упэўненасць, што 2,5 мільёна жыхароў краіны, якія зарэгістраваліся на вакцынацыю, будуць прышчэпленыя да пачатку красавіка. Пакуль тэмпы вакцынацыі ў краіне, нягледзячы на ўхваленьне адразу пяці вакцын, ня вельмі высокія.

Расейская вакцына «Спутнік V» пакуль не ўхваленая для выкарыстання ў ЭЗ Эўрапейскім мэдычным агенцтвам. Шэраг краін Эўразьвязу выказвалі зацікаўленасць у пастаўках расейскай вакцыны, аднак ухваленая для прымянення на нацыянальным узроўні яна была толькі ў Вугоршчыне.

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Земан ў суботу заявіў, што зьвярнуўся з просьбай аб пастаўках вакцыны асабіста да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Ён удакладніў, што для пачатку вакцынацыі ў краіне, якая цяпер на адным зь першых месцаў у сьвеце па колькасці новых інфікаваны на душу насельніцтва, спатрэбіцца рэгістрацыя прэпарата, аднак выказаў упэўненасьць, што дастаткова рэгістрацыі на нацыянальным, а не агульнаеўрапейскім узроўні. Кіраўнік МЗС Чэхіі, аднак, паставіў гэта сьцьвярджэньне пад сумнеў.

Кіраўнікі Эўразьвязу раней сьцьвярджалі, што яны ня супраць рэгістрацыі расейскай вакцыны, калі рашэньне ўхваліць яе прымяненне прыме рэгулюючы орган.

  • 24 лютага міністар аховы здароўя Беларусі Піневіч павеламіў, што расейскай вакцынай у краіне ўжо прышчэпена амаль 25 тысяч чалавек. Першымі вакцынацыю прайшлі мэдыцынскія спэцыялісты, яшчэ 40 тысяч вакцынаў паступяць у рэгіёны неўзабаве.
  • Акрамя таго, у Беларусь прывезьлі 100 тысяч дозаў кітайскай вакцыны — ёю прышчэпяць 50 тысяч чалавек. Таксама міністар расказаў, што ў сакавіку чакаецца і ўласная вакцына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG