Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і САЗ маюць намер даць вакцыну супраць COVID-19 краінам «Усходняга партнэрства», у тым ліку Беларусі


Эўразьвяз і Эўрапейскае рэгіянальнае бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) аб’ядналіся ў сумеснай ініцыятыве, каб спрыяць пастаўкам вакцынаў і правядзеньню вакцынацыі супраць COVID-19 у шасьці краінах «Усходняга партнэрства» — Азэрбайджане, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне.

Пра гэта паведамляе САЗ.

Праект, які фінансуе ЭЗ і рэалізуе Рэгіянальнае бюро САЗ, будзе ахопліваць усе этапы пастаўкі і разьмеркаваньня вакцынаў і вакцынацыі супраць COVID-19.

Пры агульным бюджэце ў 40 млн эўра, вылучаным на тры гады, гэты праект стане самай маштабнай сумеснай ініцыятывай Эўразьвязу і САЗ у эўрапейскім рэгіёне за ўсю гісторыю іх партнэрства.

«Пасьпяховая вакцынацыя патрабуе нашмат большых высілкаў, чым распрацоўка і распаўсюд вакцынаў. Гэтая комплексная ініцыятыва, якая ахоплівае ўсе этапы працэсу і ажыцьцяўляецца пры шчодрай падтрымцы Эўразьвязу, дапаможа Эўрапейскаму рэгіянальнаму бюро САЗ забясьпечыць гатоўнасьць краінаў „Усходняга партнэрства“, умацаваць іх сыстэмы імунізацыі і навучыць мэдычны пэрсанал ужываньню гэтых вакцынаў і вакцынацыі тых, хто больш за ўсё мае ў іх патрэбу.

Аднак на гэтым наша праца не сканчаецца. Маніторынг выкарыстаньня вакцынаў і іх бясьпекі павінен працягвацца па меры паступленьня ў краіны новых партыяў вакцынаў і вакцынацыі ўсё большай колькасьці людзей. Усе мы нясем адказнасьць за тое, каб у ходзе гэтага складанага працэсу ніводная краіна не засталася за бортам», — адзначыў Ганс Генры Клюге, эўрапейскі рэгіянальны дырэктар САЗ.

Сумесная ініцыятыва ЭЗ і САЗ «Салідарнасьць у імя здароўя» (зь бюджэтам у 35 млн эўра), павінна дапамагчы ў барацьбе з COVID-19 і ўмацаваць патэнцыял шасьці краінаў «Усходняга партнэрства» у сфэры аховы здароўя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG