Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст Лукашэнку з тытулам «прэзыдэнт» не азначае, што ён легітымны кіраўнік дзяржавы, — прадстаўнік Брусэлю


Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе, 11 лютага 2021 г.

Прэсавы прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана патлумачыў Свабодзе, што нядаўні ліст ад Эўракамісіі і САЗ Аляксандру Лукашэнку, у якім ён называецца прэзыдэнтам, не азначае, што Брусэль лічыць яго легітымным кіраўніком дзяржавы.

«Ліст быў накіраваны Аляксандру Лукашэнку ў якасьці будучага старшыні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў з запрашэньнем Беларусі ў ACT (Ініцыятыву паскарэньня доступу да сродкаў для барацьбы з COVID-19. — РС) у гэтай якасьці», — сказаў Свабодзе Пэтэр Стана.

«САЗ, якая была лідэрам у рассылцы сумесных запрашэньняў, вырашыла выкарыстаць у афіцыйным паштовым адрасе тытул прэзыдэнта рэспублікі. Гэта ніякім чынам не азначае зьмены ўсталяванай пазыцыі ЭЗ, які лічыць, што Лукашэнка ня мае дэмакратычнай легітымнасьці», — дадаў ён.

Пэтэр Стана таксама адзначыў, што САЗ прызнала памылку ў выкарыстаньні ў лісьце подпісу кіраўніцы Эўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен. Паводле Стана, ліст меўся быць падпісаны камісаркай Эўракамісіі Стэляй Кірыякідэс.

Напярэдадні прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала ў тэлеграм-канале «Пул Первого» копію ліста ад кіраўніцы Эўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен і кіраўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдраса Гебрэесуса, дзе да яго зьвяртаюцца як да «прэзыдэнта» Беларусі.

«Пішуць адно, а на Захадзе вітаюць іншых. Маглі напісаць экс-прэзыдэнту, былому прэзыдэнту ці беларускаму народу. Тым ня менш я ўдзячны, што яны разумеюць, хто ў доме гаспадар», — пракамэнтаваў гэты ліст Лукашэнка падчас Усебеларускага народнага сходу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG