М’янма: Сама меней 7 забітых за дзень, крымінальнае абвінавачаньне Аўн Сан Су Чы

Пратэстоўцы будуюць барыкады ў Янгоне, 11 сакавіка 2011

У чацьвер сілы бясьпекі Мʼянмы забілі яшчэ мінімум сем чалавек, у выніку чаго агульная колькасьць загінулых з пачатку пратэстаў супраць захопу ўлады перавысіла 60.

Па словах відавочцаў, некаторых пратэстоўцаў забілі стрэламі ў галаву.

Пра гэта паведамляе ВВС.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінаваціла вайскоўцаў у забойстве, сьцьвярджаючы, што супраць няўзброеных дэманстрантаў ужывалі баявую зброю, страляючы на паражэньне.

«Гэта ня нейкія дзеяньні асобных супрацоўнікаў, якія прымаюць няслушныя рашэньні. Гэта сьвядомыя крывавыя мэтады спрактыкаваных камандзіраў, якія ўжо былі замяшаныя ў злачынствы супраць чалавечнасьці», — заявіла прадстаўніца Amnesty Джоан Марынэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН: «У М’янме на пратэст выйшлі мільёны»

Мʼянма ахоплена вулічнымі пратэстамі з тых часоў, як вайскоўцы захапілі ўладу і затрымалі фактычную лідэрку краіны Аўн Сан Су Чы.

ААН, ЗША і шэраг іншых краінаў асудзілі забойства мірных жыхароў, якія выступаюць супраць перавароту ў Мʼянме, і заклікалі новыя ўлады праяўляць стрыманасьць.

Аўн Сан Су Чы застаецца пад арыштам з пачатку перавароту, з 1 лютага. З моманту затрыманьня ёй прадʼявілі шэраг абвінавачаньняў, але ўчора было прадʼяўленае самае сурʼёзнае — у атрыманьні хабару памерам звыш мільёна даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюзы М’янмы заклікалі да ўсеагульнага страйку

Паводле абвінавачваньня, грошы і золата перадаў ёй кіраўнік сталіцы Янгону. Паводле прадстаўнікоў вайсковага рэжыму, ён сам расказаў пра хабар. Аднак іншых доказаў таго, што Аўн Сан Су Чы атрымлівала хабар, прадʼяўлена не было.

Дэпутат ад яе партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» назваў абвінавачваньні паклёпам.

«Яны абвінавачваюць палітыкаў у крадзяжы, у той час як самі беспакарана забіваюць нявінных людзей на вуліцах Мʼянмы», — сказаў дэпутат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У М’янме пры разгонах пратэстаў забілі 38 чалавек, у тым ліку дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook заблякаваў акаўнты вайскоўцаў у М’янме праз пераварот