Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН: «У М’янме на пратэст выйшлі мільёны»


Пратэст у Янгоне, 22 лютага 2021

Том Эндрус, спэцыяльны дакладчык Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб М’янме, паведаміў у сваім Twitter, што 22 лютага ў маршы пратэсту супраць хунты ў М’янме ўзялі ўдзел «мільёны».

«Ад фота ўчорашніх масавых натоўпаў пераймае дых. Мільёны людзей прайшлі маршам, нягледзячы на пагрозы „страты жыцьця“ з боку хунты. Генэралы губляюць сваю сілу запалохваньня, а разам з гэтым і ўладу. Ім ужо даўно час сыходзіць, калі ўзыходзіць народ М’янмы», — напісаў Эндрус.

Агенцтва Reuters паведамляе, што пратэстоўцы выйшлі на вуліцы таксама 23 лютага, але «ў значна меншай колькасьці». Пра сутычкі паміж дэманстрантамі і сіламі хунты пакуль не паведамлялася.

Дэманстранты супраць хунты ў М’янме пачалі выходзіць на вуліцы найбуйнейшых гарадоў краіны з 1 лютага, патрабуючы вызваленьня ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру 1991 году Аўнг Сан Су Чы. Яе затрымалі салдаты разам зь некалькімі сотнямі іншых цывільных асобаў (уключна з прэзыдэнтам Він М’інам). Яна лічыцца самым важным палітычным дзеячом краіны і лідэрам апазыцыі.

Раней паведамлялася, што падчас разгону пратэстаў у М’янме паліцыя ўжыла баявыя патроны, у выніку чаго загінулі сама меней тры чалавекі.

М’янма знаходзілася пад уладай вайскоўцаў да 2011 году, калі ў краіне пачаліся дэмакратычныя перамены пад кіраўніцтвам Аўнг Сан Су Чы. Пасьля арышту ў пачатку лютага яна заклікала прыхільнікаў супраціўляцца перавароту і не дапусьціць вяртаньня дыктатуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG