Першым ляўрэатам прэміі імя Міхася Ткачова стаў гісторык Аляксей Елісееў

Гісторык Аляксей Елісееў.

Прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пасьля кансультацый са сваімі сябрамі, якія маюць навуковыя ступені ў галіне гісторыі, заснаваў прэмію імя Міхася Ткачова.

10 сакавіка споўнілася 79 гадоў з дня нараджэньня выдатнага археоляга і гісторыка, былога галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» Міхася Ткачова, першага старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (цяпер БСДП).

Раскопкі ў Віцебску на Ніжнім Замку. Працуюць археолягі Тацяна Бубенька і Міхась Ткачоў, 1981 год.

З гэтай нагоды было вырашана заснаваць прэмію ягонага імя. Прэмія прысуджаецца аўтарам прац па гісторыі беларускага сацыялістычнага руху, а таксама дасьледаваньням, прысьвечаным яго выдатным дзеячам.

Першым ляўрэатам стаў Аляксей Елісееў, аўтар кнігі «Зьміцер Жылуновіч: Чырвоны адраджэнец».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як КДБ змагалася зь «беларускім буржуазным нацыяналізмам». Цытаты з рассакрэчанай ва Ўкраіне мэтадычкі

Гэта першая навуковая біяграфія пісьменьніка Зьмітра Жылуновіча, публіцыста, гісторыка і літаратурнага крытыка, старшыні Цэнтральнага Камітэту Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1917 годзе, старшыні Цэнтральнага Бюро беларускіх сэкцый Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), сябра першага складу Цэнтральнага Бюро Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, старшыні першага савецкага ўраду Беларусі.

Кандыдат гістарычных навук Аляксей Елісееў нарадзіўся ў 1983 годзе, працуе дырэктарам Менскага філіялу Расейскага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Георгія Пляханава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрабуюць разьвярнуцца ў бок сацыялізму. Як праходзіць зьезд партыі «Справядлівы сьвет»

Елісееў зьяўляцца намесьнікам старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» і ўваходзіць у выканаўчы камітэт Партыі эўрапейскіх левых.