Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта як перадаць расстрэльныя сьпісы ў НКВД». Лідэры апазыцыйных партый адрэагавалі на патрабаваньні ўладаў


Лідэры пяці апазыцыйных партый Беларусі правялі онлайн-канфэрэнцыю, на якой агучылі супольную пазыцыю што да праверкі іх дзейнасьці Міністэрствам юстыцыі.

Барысаў: У законе няма паняцьця «перарэгістрацыі партыі»

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў нагадаў, што Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасьці зарэгістраваных палітычных партый і загадала даць інфармацыю аб структуры і пэрсанальнай колькасьці сяброў з пацьвярджальнымі дакумэнтамі — пайменным сьпісам, пратаколамі, статутам. Дакумэнты неабходна было даслаць да 23 кастрычніка.

У сёньняшніх умовах абнародаваць пэрсанальныя зьвесткі сябраў апазыцыйных партый аналягічна таму, што перадаць расстрэльныя сьпісы ў НКВД, заявіў палітык.

Па яго словах, у дзейным законе «Аб палітычных партыях» адсутнічае як паняцьце «перарэгістрацыя палітычнай партыі», так і неабходнасьць перадаваць некуды сьпісы. Абавязковае пазначэньне сваёй партыйнасьці прадугледжваецца толькі ў трох выпадках: пры вылучэньні кандыдатам у дэпутаты ад партыі, у выбарчыя камісіі розных узроўняў і пры абраньні ў склад кіраўніцтва і рэвізійную камісію на мясцовым і нацыянальным узроўні.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

«Натуральна, што ў ініцыятыве Міністэрства юстыцыі прысутнічае палітычны заказ. Усе былі сьведкамі таго, як Аляксандар Лукашэнка загадаў кіраўніку ведамства праверыць дзейнасьць палітычных партый, бо, на яго думку, яны адхіліліся ад сваёй працы. Яго разьюшыла сумесная рэзалюцыя прадстаўнікоў 10 палітычных партый, якія выступілі супраць гвалту, за дыялёг, а таксама за правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў», — лічыць Ігар Барысаў.

Кастусёў: Пагроза поўнага зьнішчэньня палітычнага руху

Партыйныя лідэры перакананыя, што такім чынам улады вырашылі вывесьці зь ценю, сярод іншага, тых актывістаў, якія працуюць у дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах. Выдаць гэтых людзей — значыць паставіць іх пад патэнцыйны прэсінг. З практыкі вядома, куды тыя сьпісы потым перадаюцца. Як толькі зьяўляецца новы сябра ў кіраўніцтве нават раённай арганізацыі, адразу КДБ спрабуе яго зрабіць або інфарматарам, або націснуць, каб адпала ахвота мець стасункі з партыяй, расказаў Ігар Барысаў.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў таксама не сумняваецца, што рашэньне аб перарэгістрацыі прадыктаванае толькі адным жаданьнем — узяць людзей на кантроль.

«Гэта стала рэакцыяй на падпісаньне 10 верасьня супольнай заявы пра неабходнасьць спыніць гвалт, правесьці расьсьледаваньне фактаў зьбіцьця мірных грамадзянаў і ўрэгуляваць канфлікт шляхам дыялёгу. Лукашэнка загадаў правесьці перарэгістрацыю партый, якія нібыта „парушаюць свае статуты“. Натуральна, мы асуджаем перасьлед за акрэсьленую пазыцыю адносна таго, што адбываецца ў краіне. Гэта можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня палітычнага руху. Таму прапануем Міністэрству юстыцыі арганізаваць сустрэчу для абмеркаваньня сытуацыі».

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін дадаў, што ў выпадку абнародаваньня зьвестак сваіх чальцоў партыйныя лідэры ўласнаручна здадуць аднадумцаў на расправу рэжыму.

«Патрабаваньне агучваньня пэрсанальных зьвестак ня толькі не адпавядае заканадаўству, а і ставіць пад пагрозу нашых чальцоў. Дзяржава сёньня не выконвае закону і гатовая пачаць новую хвалю рэпрэсій супраць тых, хто мае іншую пазыцыю. Кампанія на ліквідацыю апазыцыйнага руху мае доўгатэрміновую пэрспэктыву і ўпісваецца ў „канстытуцыйную рэформу“ — аўтарытарная Беларусь з адфільтраванымі партыямі і парлямэнтам. Улада, прайграўшы выбары, спрабуе працягнуць сваё існаваньне. Нам ня трэба ўдзельнічаць у падаўжэньні жыцьця рэжыму».

Казлоў: Рэпрэсіі ўзьведзеныя ў ранг штодзённага жыцьця

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў заклікае калегаў не паддавацца на правакацыі Міністэрства юстыцыі і пасьлядоўна адстойваць права на дзейнасьць.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Падзеі апошніх дзён паказваюць, што гэта апошняя восень нашага так званага „патрыярха“. Паколькі галоўная мэта Лукашэнкі — выжыць любой цаной, ён гатовы на ўсё. Законнасьць зьнішчаная цалкам. Рэпрэсіі ўзьведзеныя ў ранг штодзённага жыцьця. Цяпер вось задача зачысьціць палітычнае поле. Мы ня можам на такое пагадзіцца, бо ініцыятыва відавочна накіраваная на тое, каб спрасьціць нэўтралізацыю апанэнтаў. Так званая канстытуцыйная рэформа і закон аб палітычных партыях — гэта спроба перасунуць фокус увагі з важных рэчаў на другаснае».

26 кастрычніка падчас онлайн-канфэрэнцыі кіраўнікі АГП, БСДП (Грамада), партыі «Зялёныя», «Справядлівы сьвет» і Партыі БНФ агучылі сумесную пазыцыю.

  • Асуджаем кампанію Міністэрства юстыцыі на пераслед палітычных партый за іх акрэсьленую пазыцыю адносна сытуацыі ў краіне
  • Абнародаваньне пэрсанальных сьпісаў чальцоў партый не адпавядае закону «Аб палітычных партыях»
  • Дадзеная кампанія можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня палітычных партый у Беларусі
  • Ведамству будуць перададзеныя дакумэнты, падача якіх прадугледжана законам «Аб палітычных партыях»
  • Прапанова Міністэрству юстыцыі — арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных партый для абмеркаваньня сытуацыі і пэрспэктываў прыняцьця новай рэдакцыі закону «Аб палітычных партыях».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG