Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі высьвятляе ў партый абставіны падпісаньня рэзалюцыі аб спыненьні гвалту і новых выбарах


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас мірнай акцыі пратэсту ў Гомлі

Міністэрства юстыцыі Беларусі высьвятляе абставіны падпісаньня рэзалюцыі, у якой 10 зарэгістраваных палітычных партый асудзілі гвалт, які адбываецца ў Беларусі, і запатрабавалі новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Прэс-служба Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 22 верасьня апублікавала ў сваім тэлеграм-канале фота ліста ад Міністэрства юстыцыі.

«Кіруючыся ч. 3 арт. 27 закону РБ „Аб палітычных партыях“, прапануем у тэрмін да 25 верасьня 2020 году падаць у Міністэрства юстыцыі інфармацыю, якім органам партыі прымаліся рашэньні аб удзеле прадстаўніка БСДП (Грамада) у круглым стале, які прайшоў 10 верасьня 2020 году, і падпісаньні ім рэзалюцыі з дадаткам адпаведнага пратаколу (яго копіі)», — гаворыцца ў лісьце за подпісам намесьніка начальніка ўпраўленьня Міністэрства юстыцыі ў пытаньнях некамэрцыйных арганізацый Аляксея Пячкурава.

Выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паведаміў БелаПАН, што АГП таксама атрымала падобны дакумэнт. «Зьмест практычна супадае, крыху розьніцы ёсьць, але сутнасьць тая ж», — сказаў ён.

Факт атрыманьня такога ж ліста пацьвердзіў БелаПАН і старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук. «Нам такое таксама прыходзіла, — сказаў палітык. — Я думаю, што гэта прыйдзе ўсім палітычным партыям, [якія падпісалі рэзалюцыю], мяркуючы па ўсім. У нас запыталі інфармацыю, як прымалася рашэньне, хто падпісваў дакумэнт, плюс у нас яны дадаткова паставілі ў гэтым лісьце пытаньне аб юрыдычным адрасе».

10 верасьня на пасяджэньні круглага стала лідэры 10 з 15 беларускіх партыяў падпісалі рэзалюцыю з патрабаваньнямі спыніць гвалт, расьсьледаваць забойствы і катаваньні, правесьці новыя выбары прэзыдэнта цягам 6 месяцаў.

У ліку партыяў, чые лідэры падпісалі рэзалюцыю, — апазыцыйныя АГП, БНФ, БСДГ, БСДП(Г), «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет», а таксама партыі з праўладнай дагэтуль рэпутацыяй — Сацыяльна-спартовая і Рэспубліканская партыі, Партыя працы і справядлівасьці і Партыя народнай згоды.

16 верасьня Аляксандар Лукашэнка даручыў Міністэрству юстыцыі правесьці перарэгістрацыю палітычных партый. «Але мы ж разумеем, што гэта ня партыі, калі дзесяць зь іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў. Даручаю міністру юстыцыі ўважліва паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаваньням па колькасьці, структуры, працуюць згодна са сваім статутам. Трэба правесьці іх перарэгістрацыю», — сказаў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG