У Расеі сын былога супрацоўніка НКВД запатрабаваў абараніць рэпутацыю бацькі

Селянін Сьцяпан Карагодзін быў расстраляны НКУС. Сын аднаго з удзельнікаў расстрэлу лічыць, што рэпутацыя яго бацькі мусіць быць абароненая

Сын былога супрацоўніка НКВД Аляксея Міцюшова зьвярнуўся ў паліцыю з просьбай абараніць рэпутацыю ягонага бацькі.

Гэта здарылася пасьля таго, як бацька быў названы забойцам на сайце гісторыка-аматара Дзяніса Карагодзіна, які аднаўляе архіўныя зьвесткі пра рэпрэсіі ў адносінах да свайго прадзеда. Подпіс Аляксея Міцюшова стаіць на акце расстрэлу Карагодзіна-старэйшага.

У сваім звароце ў паліцыю сын супрацоўніка НКВД Аляксей Аляксеевіч Міцюшоў заявіў, што на сайце Карагодзіна разьмешчаны недакладныя зьвесткі пра яго бацьку, якія «дыскрэдытуюць яго імя». Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах Новасібірскага МУС, апублікаваных Карагодзіным. Гісторык у сваю чаргу спасылаецца на паказаныя яму матэрыялы з архіваў ФСБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга прыраўноўваць Савецкі Саюз да нацысцкай Нямеччыны» — Пуцін піша артыкул пра пакт Молатава-Рыбэнтропа 

Селянін Сьцяпан Карагодзін быў арыштаваны 1 сьнежня 1937 году супрацоўнікамі Томскага гарадзкога аддзелу НКВД, асуджаны Асобай нарадай як «арганізатар шпіёнска-дывэрсійнай групы і рэзыдэнт японскай вайсковай выведкі» і асуджаны на расстрэл. Пазьней яго рэабілітавалі праз адсутнасьць складу злачынства.

Ягоны праўнук вызначае ўвесь ланцужок арганізатараў і выканаўцаў расстрэлу, уключаючы шараговых супрацоўнікаў НКВД, называючы іх удзельнікамі забойства свайго прадзеда. Ён адмовіўся адказваць на большасьць пытаньняў паліцыі, спасылаючыся на артыкул 51 Канстытуцыі, які дазваляе ня сьведчыць супраць сябе.