Трэнэр Казека прапанаваў у склад Нацыянальнага алімпійскага камітэту дваіх спартоўцаў, якія падпісалі ліст за новыя выбары

Штаб-кватэра НАК Беларусі, архіўнае фота.

Славуты трэнэр у фрыстайле Мікалай Казека вылучыў самбіста Сьцяпана Папова і капітана беларускай зборнай у баскетболе Кацярыну Сныціну ў сябры Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Мікалай Казека адзначыў, што Папоў і Сныціна маюць «высокі прафэсіяналізм і спартовыя дасягненьні», паведамляе Tribuna.com.

У лісьце генсакратару НАК Беларусі Паліне Галавіной Казека адзначыў, што пратэрмінаваў дзень падачы сваіх кандыдатур у сябры алімпійскага камітэту з уважлівай прычыны, паколькі ад 21 студзеня праходзіць стацыянарнае лячэньне ў Рэспубліканскім клінічным мэдцэнтры.

Сьцяпан Папоў — чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба, пераможца Эўрапейскіх гульняў, заслужаны майстар спорту Беларусі.

Кацярына Сныціна — бронзавая прызэрка чэмпіянату Эўропы 2007 году, удзельніца дзьвюх Алімпіяд — у 2008-м і 2016-м, прызэр чэмпіянатаў Турэччыны, Расеі, Францыі, Польшчы і Беларусі.

Абое падпісалі ліст спартоўцаў за новыя прэзыдэнцкія выбары і супраць гвалту сілавікоў.

Трэнэр Мікалай Казека таксама падпісаў гэты ліст. Улады адмовіліся плаціць трэнэру стыпэндыю і адхілілі ад працы з нацыянальнай камандай, для якой ён падрыхтаваў шэраг алімпійскіх чэмпіёнаў і прызэраў.

Таксама ліст падпісалі выхаванцы Казекі Аляксандра Раманоўская, Ганна Гуськова і Дзьмітры Дашчынскі. Раманоўскую звольнілі з нацыянальнай каманды з афіцыйнай фармулёўкай «за прагулы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыстайлістку Раманоўскую, якая выступіла за новыя выбары і адстаўку Лукашэнкі, звольнілі з працы

26 лютага ў Менску адбудзецца алімпійскі сход, на якім выберуць новае кіраўніцтва НАК зь ліку кандыдатур, прапанаваных фэдэрацыямі ў розных відах спорту. Удзел у пасяджэньні плянуе ўзяць і дзейны кіраўнік НАК Аляксандар Лукашэнка, які падпаў пад санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК). У прыватнасьці, кіраўніцтву НАК забаранілі ўдзельнічаць у Алімпіядзе і іншых падзеях, зьвязаных з алімпійскім рухам. З усіх 13 членаў выканкаму НАК Беларусі толькі Тацяна Драздоўская пазьбегла санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярыну Сныціну, якая выступала за новыя выбары, выклікалі ў зборную Беларусі ў баскетболе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 краін за 120 гадоў. Каго і за што адхілялі ад Алімпійскіх гульняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неабходна выбраць новае кіраўніцтва НАК, Лукашэнка мусіць падаць у адстаўку», — алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч