Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неабходна выбраць новае кіраўніцтва НАК, Лукашэнка мусіць падаць у адстаўку», — алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч


Алімпійскі чэмпіён, заслужаны майстар спорту Уладзімер Парфяновіч
Алімпійскі чэмпіён, заслужаны майстар спорту Уладзімер Парфяновіч

«Рэч нават не ў палітыцы. Гаворка пра бесчалавечнасьць у дачыненьні да ўласнага народу, бо гэта ўжо этнацыд. Ня трэба біць і калечыць людзей. Калі з гледзішча ўладаў гэта і ёсьць „дыялёг“, далей пра нешта размаўляць бессэнсоўна...».

Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч пра «крывавы спорт» ад Аляксандра Лукашэнкі.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні і былы сябра выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Ўладзімер Парфяновіч у гутарцы са Свабодай ацаніў магчымыя наступствы санкцыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту і заклікаў да тэрміновых выбараў новага складу НАК Беларусі.

«Той выпадак, калі цалкам апраўдана стаць пад нэўтральным палотнішчам»

Уладзімер Парфяновіч — адзін з самых уганараваных беларускіх алімпійцаў. Дагэтуль застаецца адзіным байдарачнікам, якому ўдалося заваяваць тры залатыя мэдалі на адной Алімпіядзе — гэта здарылася ў 1980 годзе ў Маскве. Чатыры разы быў чэмпіёнам сьвету, цягам 1980–1983 гадоў прызнаваўся найлепшым спартоўцам Беларусі.

У канцы 1990-х узначаліў Беларускую фэдэрацыю веславаньня на байдарках і каноэ. Быў уведзены ў склад выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту. У 2000 годзе пасьпяховы прадпрымальнік і спартовы дзяяч стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, кіраўніком парлямэнцкай групы «Рэспубліка».

Але пад канец кадэнцыі ў 2004-м разам з паплечнікамі — генэралам Валерам Фраловым і бізнэсоўцам Сяргеем Скрабцом — «рэспубліканцы» абвясьцілі галадоўку супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і за ўнясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс.

Дэпутаты Уладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў і Сяргей Скрабец падчас галадоўкі. Менск, 2004 год
Дэпутаты Уладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў і Сяргей Скрабец падчас галадоўкі. Менск, 2004 год

За палітычную і грамадзянскую актыўнасьць Ўладзімера Парфяновіча зьнялі з пасады старшыні фэдэрацыі, замяніўшы тагачасным старшынём Нацбанку Пятром Пракаповічам, а напярэдадні алімпійскага сходу яго выключылі са складу НАК з фармулёўкай «за страту даверу».

Ад таго часу ён не запатрабаваны на радзіме, хоць працаваў са зборнымі Расеі і Польшчы. Цяпер рыхтуе будучых чэмпіёнаў у дзіцяча-юнацкім цэнтры алімпійскага рэзэрву веславаньня ў Мастах — галоўнай і адзінай профільнай школе на Горадзеншчыне.

Свабода папрасіла алімпійскага чэмпіёна выказацца пра пакет санкцыяў, прыняты МАК супраць кіраўніцтва НАК Беларусі і ягоных кіраўнікоў Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў.

«Трэба мець на ўвазе, што гэта ўдар ня столькі матэрыяльны, колькі іміджавы, — лічыць Уладзімер Парфяновіч. — Непараўнальны нават з допінгавымі гісторыямі, якія раз-пораз скаланаюць інфармацыйную прастору. Некаторыя калегі кажуць, што, маўляў, Лукашэнка паплаціўся за палітыку... Не, рэч не ў палітыцы. Гаворка пра бесчалавечнасьць у дачыненьні да ўласнага народу, бо гэта ўжо этнацыд. Ня трэба біць і калечыць людзей, вось і ўсё. Калі з гледзішча ўладаў гэта і ёсьць „дыялёг“, далей пра нешта размаўляць бессэнсоўна...».

Уладзімер Парфяновіч усьцешаны, што, з улікам забюракратызаванасьці Міжнароднага алімпійскага камітэту, рэакцыя на падзеі ў Беларусі наступіла досыць апэратыўна. Але мае спадзяваньні, што гэтым санкцыйны пакет не абмяжуецца.

Уладзімер Парфяновіч падчас трэнаваньня
Уладзімер Парфяновіч падчас трэнаваньня

«Асабіста я чакаў шырэйшых санкцыяў — у прыватнасьці, забароны беларускім спартоўцам выступаць пад чырвона-зялёным сьцягам, які ў нармальнага чалавека сёньня асацыюецца выключна з крывавымі злачынствамі рэжыму. Той выпадак, калі цалкам апраўдана стаяць пад нэўтральным палотнішчам. А калі хто не паедзе і пачне праяўляць „прынцыповую пазыцыю“, будзе вялікі дурань. Каб мяне вярнуць у 1984 год, пехам пайшоў бы ў Лос-Анджэлес, бо байкот — гэта сьмерць для алімпійца. Дадатковага жыцьця ў спорце няма, ёсьць толькі імгненьне».

Тым часам Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў звольненым і рэпрэсаваным беларускім спартоўцам удзельнічаць у кваліфікацыі да Гульняў у Токіё.

«Кіраўнік НАК сябе здыскрэдытаваў і ня мае права быць на чале арганізацыі»

Усё, што можна было зрабіць дзеля міжнароднай ізаляцыі, Лукашэнка зрабіў, — працягвае суразмоўца. Таму ягоныя пагрозы «падаць у суд на Баха і ягоную банду» (прэзыдэнт МАК Томас Бах. — РС) — проста сьмехатворныя.

«Даскакаўся, інакш ня скажаш, — канстатуе Ўладзімер Парфяновіч. — На тыя злачынствы, якія адбываюцца навокал, заплюшчыць вочы ўжо немагчыма. Ён толькі адзін гэтага, відаць, не разумее. Ніяк ад крыві Лукашэнку і ягоным памагатым ужо не адмыцца. Таму і цягне за сабой іншых, праўдамі і няпраўдамі прымушае падпісвацца пад нейкімі ліпавымі лістамі падтрымкі, каб не застацца сам-насам з правасудзьдзем. Марныя высілкі, ужо нічога не ўратуе, раней трэба было думаць».

Уладзімер Парфяновіч лічыць падпісантаў ліста за Аляксандра Лукашэнку або «сьляпымі», або «пустымі» людзьмі, якія ніколі ня мелі ўласнай грамадзянскай пазыцыі.

«Тых, хто стаяў ля печаў у канцлягерах, таксама нібыта не прымушалі рабіць злачынствы супраць чалавечнасьці. Кожны выконваў сваю маленькую функцыю, а ў выніку ўсе разам спалілі мільёны людзей. Таму ў гэтым выпадку нікому няма апраўданьня. Калі ты адэкватны чалавек і хоць крыху думаеш, то ня мусіш так рабіць, бо падтрымліваеш злачынцу. Грошы вырашаюць ня ўсё, можна зарабіць у іншым месцы. Гэта праява слабасьці, такія спартоўцы ня стануць алімпійскімі чэмпіёнамі. Тых жа, хто некалі імі сталі і цяпер так сябе паводзяць, мне проста шкада».

Паводле весьляра-алімпійца, цяпер галоўная задача спартовай супольнасьці — правесьці выбары новага кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Прэзыдэнт арганізацыі Аляксандар Лукашэнка і ягоны першы намесьнік і сын Віктар мусяць падаць у адстаўку як асобы, якія непасрэдна спрычыніліся да перасьледу няўгодных атлетаў.

«У мяне ў душы няма ніякай помсты — адлучылі і адлучылі, — кажа ён. — Але ў сувязі зь недаверам МАК неабходна правесьці новыя выбары і выбраць годных, прафэсійных кіраўнікоў НАК. Сабраць усіх датычных да руху (алімпійскіх чэмпіёнаў, трэнэраў, функцыянэраў), абвясьціць надзвычайнае паседжаньне выканкаму і наладзіць перавыбары. Сёньняшняе кіраўніцтва сябе здыскрэдытавала і ня мае права быць на чале арганізацыі. Толькі ў такім выпадку Беларусь зможа рухацца далей і вярнуцца ў алімпійскую сям’ю. Так, як цяпер, быць не павінна, ганьба на ўвесь сьвет».

Беларуская практыка паказала, што найпершая задача — аддзяліць спорт ад палітыкі. Кіраўнік дзяржавы ня можа кіраваць алімпійцамі і з уласнай прыхамаці дзяліць іх на «чэсных» і «нячэсных», перакананы Ўладзімер Парфяновіч.

«Зьмены павінны адбыцца апэратыўна, без зацягваньня. Да Алімпіяды ў Токіё мусім прыйсьці з новым кіраўніком НАК — дасьведчаным, граматным, ураўнаважаным. Прынцыповае патрабаваньне — каб у выканкаме былі алімпійскія чэмпіёны, а то невядома хто. Паўтаруся, Лукашэнка мусіць сам зрабіць такі крок, не чакаючы яшчэ большай ганьбы для сябе і свайго атачэньня. Крок цяжкі, але безальтэрнатыўны. Чым больш будзе спрабаваць адцягваць час, тым больш балючым будзе новы ўдар. Бо яўна дадумаюцца да „контрасанкцыяў“, забараніўшы спартоўцам-лукашыстам удзельнічаць у Гульнях».

Зрэшты, з улікам таго, як Аляксандар Лукашэнка трымаецца за ўладу, цяжка ўявіць, што ён добраахвотна разьвітаецца з грамадзкай нагрузкай у выглядзе прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту. На гэтай пасадзе ён бесьперапынна, пачынаючы ад 1997 году. Летась ягоным першым намесьнікам стаў старэйшы сын Віктар. Сярэдні сын Дзьмітры кіруе прэзыдэнцкім спартовым клюбам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG