Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярыну Сныціну, якая выступала за новыя выбары, выклікалі ў зборную Беларусі ў баскетболе


Капітан зборнай Беларусі ў баскетболе Кацярына Сныціна
Капітан зборнай Беларусі ў баскетболе Кацярына Сныціна

Капітан зборнай Беларусі ў баскетболе прадала з аўкцыёну свой бронзавы мэдаль чэмпіянату Эўропы 2007 году. Нягледзячы на выказваньні супраць Лукашэнкі, яе зноў запрасілі ў нацыянальную каманду.

На атрыманыя ад прададзенага мэдаля сродкі Кацярына Сныціна падтрымае калег, якія цярпяць рэпрэсіі за свае палітычныя погляды. Мэдаль набылі за 10 тысяч даляраў, расказала Сныціна Deutsche Welle.

«Аўкцыён скончаны. Зь ім зьвязана нечаканая і прыемная гісторыя. Неўзабаве мы ўсё раскажам, проста спачатку трэба, каб чалавек, які выйграў лот, даў згоду на публічны аповед пра яго і гэтую гісторыю».

Сныціна прызналася, што вырашыла «зрабіць максымум» — выставіць на аўкцыён сваю самую галоўную і самую значную ўзнагароду ў кар’еры на гэты момант.

Разуменьне партнэрак па беларускай нацыянальнай камандзе Кацярына мае, але выказваюцца пра гэта нямногія. Людзей, якія вырашылі прамаўчаць у гэты момант, Сныціна не асуджае, але разам з тым прызнаецца, што ёй цяжка іх зразумець, таму «шляхі разышліся ў пляне зносін».

Спартовае грамадзянства Сныціна зьмяняць не зьбіраецца, нягледзячы на ціск, які аказвае на баскетбалістак спартовае чынавенства, адданае Лукашэнку.

«Было б нашмат лягчэй перайсьці ў іншую моцную зборную, выступаць і ўдзельнічаць у Алімпіядзе пад іншым сьцягам. Гэта, мабыць, вырашыла б усе праблемы. Але ў нас вельмі моцныя спартоўцы і сапраўдныя грамадзяне, яны застаюцца верныя Беларусі і яе народу. Таму пра такія выпадкі я яшчэ ня чула».

Кацярына Сныціна зьехала зь Менску ў пачатку жніўня 2020-га, яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля іх яна падпісала ліст беларускіх спартоўцаў у Міжнародны алімпійскі камітэт і пачала актыўна выказвацца пра тое, што адбываецца ў краіне.

Калі да тых спартоўцаў, хто актыўна выступіў супраць бязьзьменнага кіраваньня Лукашэнкі, пачаліся рэпрэсіі, капітан зборнай ужо не чакала выкліку ў каманду, але атрымала яго ў лютым. Беларускі будуць праводзіць гульні кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы. Сныціна, паводле яе, нават зьдзівілася выкліку.

«Добра, я, вядома, прыеду. У мяне кантракт зь Міністэрствам спорту, і я капітан нацыянальнай каманды. Я мушу прыехаць і дапамагчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG