М’янма: першая сьмяротная ахвяра пратэстаў супраць хунты

Пратэст у М'янме, 17 лютага

Маладая жанчына, забітая стрэлам у галаву падчас дэманстрацыі ў Мʼянме, стала першай ахвярай пратэстаў супраць вайсковай хунты.

Дваццацігадовая М’я Тхвэ Тхвэ Кхайнг прыняла ўдзел у дэманстрацыі 9 лютага ў Найп’іда, сталіцы Мʼянмы. Паліцыя спрабавала разагнаць натоўп. Жанчына атрымала раненьне ў галаву. У лякарні мэдыкі ўстанавілі, што ў 20-гадовую жанчыну стралялі з агнястрэльнай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праціўнікі вайсковага перавароту ў М’янме пачалі блякаваць дарогі

М’я Тхвэ Тхвэ Кхайнг — першая ахвяра пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Мʼянме пасьля вайсковага перавароту.

Дэманстранты, якія з 1 лютага штодня выходзяць на вуліцы найбуйнейшых гарадоў Мʼянмы, патрабуюць вызваленьня ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру 1991 года Аўнг Сан Су Чы. Яна была затрыманая салдатамі разам зь некалькімі сотнямі іншых цывільных асоб (уключна з прэзыдэнтам Він М’інам) і лічыцца самым важным палітычным дзеячам краіны і лідэрам апазыцыі ўзброеным сілам.

Мʼянма знаходзілася пад уладай вайскоўцаў да 2011 году, калі ў краіне пачаліся дэмакратычныя перамены пад кіраўніцтвам Аўнг Сан Су Чы. Пасьля арышту ў пачатку лютага яна заклікала прыхільнікаў супраціўляцца перавароту і не дапусьціць вяртаньня дыктатуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над журналісткай і лекарам у справе Бандарэнкі закрылі ад грамадзтва