Алена Бандарэнка — маці забітага Рамана Бандарэнкі — атрымала з суду Маскоўскага раёну Менску адказ на пытаньне аб тым, ці зможа яна трапіць на суд над над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным, якіх абвінавачваюць у раскрыцьці мэдычнай тайны аб стане здароўя і абставінах сьмерці яе сына.
У адказе гаворыцца толькі, што працэс будзе адкрыты. Алена Бандарэнка сумняецца, ці значыць гэта, што на суд пусьцяць ахвочых. Яна сказала Свабодзе 17 лютага: «Тэарэтычна я магу трапіць на суд, але як гэта будзе на практыцы, я ня ведаю».
У гэты дзень, напрыклад, ідзе суд над Віктарам Бабарыкам і фігурантамі «справы Белгазпрамбанку» — фармальна працэс адкрыты, але фактычна туды не пускаюць журналістаў недзяржаўных СМІ і многіх ахвочых, у тым ліку некаторых сваякоў падсудных. Пусьцілі толькі каля 20–30 звычайных наведнікаў і сваякоў падсудных паводле загадзя складзеных сьпісаў. Шматлікіх ахвочых не пускалі на фармальна адкрытыя паседжаньні ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай.
Чарга ахвотнікаў трапіць на суд Бабарыкі. Фота
За выкраданьне й зьбіцьцё Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі крымінальнай справы. Яго маці дагэтуль не прызналі пацярпелай.
2 сьнежня Алену Бандарэнку дапыталі ў Генпракуратуры, і падпісаны ёю пратакол ёсьць у матэрыялах расьсьледаваньня сьмерці Рамана. Пасьля таго допыту сьледчы папрасіў яе прыйсьці на допыт ужо ў справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна 8 сьнежня, аднак за дзень да яго Алене перадалі праз адваката, што нікуды ісьці ўжо ня трэба.
Суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага а 10-й раніцы. Працэс будзе праходзіць у Доме правасудзьдзя. Іх абвінавачваюць у «разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана не было алькаголю. Родныя Бандарэнкі да журналісткі і доктара ня маюць ніякіх прэтэнзій. Лукашэнка публічна казаў, што Раман Бандарэнка нібыта быў п'яны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сына