Польскія нацыяналісты рыхтуюць «спантанны» марш у Гайнаўцы ў памяць пра забойцу беларусаў

Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы, 24 лютага 2018 г.

Польскія нацыяналістычныя колы рыхтуюцца да «маршу памяці праклятых жаўнераў» у Гайнаўцы на Падляшшы і сёлета, нягледзячы на каранавірусную пандэмію і пратэсты супраць такіх мерапрыемстваў.

Gazeta Wyborcza паведамляе, што сёлета марш у гонар антыкамуністычных падпольнікаў павінен стаць «спантанным» захадам, паколькі ўсе тэрміны правядзеньня маршу заблякавалі нацыяналістам актывісты грамадзкага руху «Грамадзяне Рэчы Паспалітай», якія штогод пратэстуюць супраць гэтай нацыяналістычнай акцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 беларускіх ахвяраў польскіх падпольшчыкаў прызналі пакутнікамі Царквы

Сёлета актывісты руху «Грамадзяне Рэчы Паспалітай» падалі загадзя два дзясяткі заявак на атрыманьне дазволу правесьці публічныя акцыі ў Гайнаўцы ў тэрмінах, калі звычайна адбываўся марш польскіх нацыяналістаў. Гэтыя заявы выперадзілі заяву нацыяналістаў на марш і, паводле закону, улады гораду мусяць разгледзець іх у першачарговым парадку і даць прыярытэт якраз гэтым акцыям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмовімся ад „Бурага“ — заўтра скажуць адмовіцца ад астатніх». Інтэрвію з арганізатаркай скандальнага маршу ў Гайнаўцы

Гайнаўскі марш нацыяналістаў прымеркаваны да Дня нацыянальнай памяці пра «выклятых жаўнераў» (Narodowy Dzień Pamięci «Żołnierzy Wyklętych»), які, згодна з парлямэнцкай пастановай 2011 году, адзначаецца 1 сакавіка. Дзень, хоць і не выходны, лічыцца польскім нацыянальным сьвятам. Сёлетні марш, ужо шосты, нацыяналісты плянавалі правесьці у апошнія выходныя лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буры» мог спаліць значна больш беларускіх вёсак, — польскі гісторык пра Рамуальда Райса

Мясцовая арганізацыя польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы дала зразумець, што з увагі на блякаваньне тэрмінаў захадаў у горадзе пад канец лютага, сёлетні марш можа адбыцца ў фармаце так званага «спантаннага сходу». Польскі закон дае магчымасьць правесьці грамадзкую акцыю «спантанна» – «у сувязі з раптоўнай і непрадбачанай падзеяй, зьвязанай з грамадзкай сфэрай, правядзеньне якой у іншую дату было б бессэнсоўным або нязначным з пункту гледжаньня грамадзкіх дэбатаў».

Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы штогод выклікае пратэсты як беларусаў, так і палякаў у Польшчы, перш за ўсе з прычыны таго, што галоўны кандыдат польскіх нацыяналістаў на мясцовага героя – Ромуальд Райс (падпольная мянушка: «Буры») – бачыцца беларусамі як злачынца і забойца. Ромуальд Райс адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства каля 80 чалавек мірнага этнічна беларускага насельніцтва, у тым ліку дзяцей і жанчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцы і ахвяры. Факты пра «выклятых жаўнераў», якія ў 1946 годзе забівалі і палілі беларусаў Беласточчыны

Факт, што марш у гонар «Бурага» і ягонага крывавага паходу арганізуецца ў Гайнаўцы, дзе чвэрць жыхароў гораду афіцыйна пішацца беларусамі, а як мінімум палова належыць да праваслаўнага веравызнаньня, успрымаецца як дадатковы чыньнік запалохваньня беларуска-праваслаўнай меншасьці польскімі нацыяналістамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская памяць пра «выклятых жаўнераў»