Прысуды ў Беларусі: кінуў кветку ў АМАП — 4 гады калёніі, забіў чалавека на паляваньні — 2,6 года «хатняй хіміі»

Судзьдзя Аляксандар Петраш, ілюстрацыйнае фота

Параўноўваем прысуды, зьвязаныя з палітычнымі падзеямі, зь іншымі крымінальнымі справамі.

Стрэл на паляваньні і «кветка ў АМАП»

15 студзеня суд Мёрскага раёну пакараў паляўнічага 2 гадамі і 6 месяцамі зьняволеньня без накіраваньня ў месца зьняволеньня («хатняя хімія») і пазбавіў яго права займацца паляваньнем на 5 гадоў.

Мужчына паехаў на паляваньне зь незарэгістраванай зброяй і ў стане алькагольнага ап’яненьня стрэліў убок, калі пачуў шум. Ён параніў іншага чалавека, які памёр ад траўмаў.

Суд Ленінскага раёну Менску адправіў у калёнію на 4 гады 29-гадовага Аляксандра Нурдзінава. Той удзельнічаў у пратэстах 9–10 жніўня і «кідаў расьліннасьць з клюмбаў у бок АМАПу». Нікога не забіў і нават не параніў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастака, які кінуў у АМАП кветку, асудзілі на 4 гады ўзмоцненага рэжыму

Сьмерць пад коламі трактара і надпіс на асфальце

Суд Маладачанскага раёну 25 студзеня разглядаў справу аб прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. Кіроўца трактара на полі дазволіў староньняму чалавеку скочыць на падножку, а потым не заўважыў, як той упаў, і пераехаў яго заднімі коламі трактара. Калі пабачыў, што здарылася, — ня выклікаў хуткую і не дапамог пацярпеламу.

Суд прысудзіў кіроўцу трактара 1,6 года «хіміі».

За надпіс на асфальце на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага «Не забудзем» суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў 26-гадовага Максіма Паўлюшчыка двума гадамі калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчуку прысудзілі два гады калёніі за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага. Справы аб сьмерці ўдзельніка пратэсту няма

Зьбіў чалавека на машыне — 3 гады хатняй «хіміі», пратэставаў 10 жніўня — 4 гады калёніі

Кіроўца грузавіка МАЗ 8 кастрычніка, едучы заднім ходам, зьбіў чалавека. Ад траўмаў пацярпелы памёр. Кіроўцу суд прызнаў «вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, што пацягнула за сабой сьмерць чалавека па неасьцярожнасьці».

Вынік — 3 гады «хатняй хіміі» і забарона кіраваць транспартам на працягу 5 гадоў.

Арцёму Саўчуку, якога праваабаронцы прызналі палітзьняволеным, суд Фрунзэнскага раёну Менску прысудзіў 4 гады калёніі. Суд прызнаў хлопца вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Нібыта ён перашкаджаў руху грамадзкага транспарту, кідаў пэтарды і балты. Арцём Саўчук на судзе сказаў, што «ў дэманстрацыі ня ўдзельнічаў, а проста назіраў за ёй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на 4 гады асудзілі мужчыну, які падчас пратэстаў перасунуў вазкі ад крамы на дарогу

Перагнаў МАЗ падчас пратэстаў — 7 гадоў. П’яны за стырном забіў чалавека — 4 гады

Суд Вялейскага раёну прысудзіў 4 гады калёніі кіроўцу, які п’яным сеў за стырно. Машына мела «няспраўнасьці», а кіроўца быў «няўважлівы да дарожнай абстаноўкі». Машыну выкінула з праезнай часткі, яна ўрэзалася ў дрэва. У выніку — пасажыр аўто загінуў на месцы.

Менчука Дзьмітрыя Дубкова пакаралі 7 гадамі калёніі за тое, што на вуліцы Прытыцкага 10 жніўня падчас пратэстаў перагнаў грузавік МАЗ зь месца на месца. Дзьмітры Дубкоў ні на кога не наехаў, у выніку ягоных дзеяньняў ніхто не атрымаў траўмаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы». Палітвязьня Дубкова асудзілі на 7 гадоў