«Кожны такі вырак паскарае ўвядзеньне і пашырэньне санкцыяў», — Ціханоўская пра прысуд Няронскаму

На судзе над Уладзімерам Няронскім, 2 лютага

Прысуд палітвязьню Ўладзімеру Няронскаму — «самы суворы з магчымых» і роўна такі, як прасіў пракурор, адзначыла Сьвятлана Ціханоўская ў Telegram. Паводле яе, гэта прысуд за тое, што Няронскі «ня стаў маўчаць», «расказваў пра праблемы роднага гораду».

Сьвятлана Ціханоўская піша, што:

  • такіх прысудаў можа стаць вельмі шмат, бо цяпер у Беларусі 220 палітвязьняў і звыш тысячы палітычных крымінальных справаў;
  • «рэжым займаецца дзяржаўным тэрорам, спрабуе запужаць людзей і прымусіць іх маўчаць»;
  • кожны такі прысуд «паскарае ўвядзеньне і пашырэньне санкцыяў», а кожны судзьдзя, які выносіць палітычныя прысуды, трапіць у санкцыйныя сьпісы».

Блогера, аўтара Youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага 2 лютага асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму. Яго затрымалі разам з паплечнікамі Сяргея Ціханоўскага яшчэ 6 траўня, судзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і за «абразу прадстаўніка ўлады». Гэта першы прысуд па так званай «справе Ціханоўскага» — усіх фігурантаў справы беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Блогера-палітвязьня Ўладзімера Няронскага пакаралі трыма гадамі зьняволеньня. Фота, відэа