Лукашэнка памяняў трэцяга сакратара Савету бясьпекі за год. Што ён загадаў яму і іншым прызначэнцам

Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка правёў шэраг новых прызначэньняў. Аляксандар Вальфовіч стаў новым дзяржсакратаром Савету бясьпекі Беларусі.

Падчас прадстаўленьня Вальфовіча на пасаду, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што гэта самы падрыхтаваны чалавек у Генштабе.

«Ведайце, што часы няпростыя. Хістаць і разгойдваць нас будуць. Вы гэта бачыце па Расеі. Мы гэта ведалі і разумелі разам з кіраўніцтвам Расеі яшчэ ў сярэдзіне мінулага году. Для нас і для іх нечаканасьцяў тут ніякіх няма. Але тым ня менш мы павінны навучыцца ў гэты цяжкі час супрацьстаяць і ўнутраным нашым супернікам, і асабліва вонкавым».

Аляксандар Вальфовіч стаў ужо трэцім сакратаром Савету бясьпекі за апошні год. Да яго былі Андрэй Раўкоў, які расказваў пра «200 баевікоў» расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, што нібыта хаваюцца ў Беларусі ў чаканьні нападаў дзеля дэстабілізацыі становішча ў Беларусі.

Пасьля Раўкова ачольваць Савет бясьпекі Лукашэнка паставіў Валера Вакульчыка, адхіліўшы яго ад пасады старшыні КДБ, у кастрычніку той трапіў пад асабістыя санкцыі Эўразьвязу за датычнасьць да фальшаваньня выбараў і палітычных рэпрэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі 2020 году: поўны санкцыйны сьпіс Эўразьвязу супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня

Васіль Герасімаў, прызначаны кіраўніком Камітэту дзяржкантролю, пачуў ад Лукашэнкі загад кантраляваць «фінансаваньне з-за мяжы і дзейнасьць рознага роду так званых камэрцыйных структур і прадпрыемстваў, асобных дзялкоў». Таксама Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі шмат даўгабудаў, якія трэба завяршыць пад пільнай увагай Дзяржкантролю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады забаранілі перавод часткі ахвяраваньняў беларускім сіротам, дзецям з анкалёгіяй і пацярпелым ад гвалту

У працы тэлеканалу СТВ Лукашэнка заўважыў істотны прагрэс, які дазволіў яму дагнаць «вядучыя каналы». Прызначаючы на пасаду генэральнага дырэктара Кірыла Казакова, ён сказаў, што на СТВ зьявілася шмат новых асоб, «талковых і патрыятычных», у тым ліку моладзі, запусьціліся новыя праекты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная прапаганда: шоў для аднаго гледача
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памяняў дырэктара «Гродна Азот», дзе страйкавалі за новыя выбары, і загадаў навесьці парадак