Яшчэ адна крымінальная справа пра абразу Лукашэнкі: за п’яныя выказваньні ў грамадзкіх месцах

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.

Крымінальную справу завялі на жыхара Рэчыцы Уладзімера Міхалку.

У сьнежні яго затрымалі, паведамляе «Палеская Вясна».

Як лічаць у Сьледчым камітэце, яшчэ 1 верасьня 2020 году Ўладзімер Міхалка, у час, калі ў дачыненьні да яго вёўся адміністрацыйны працэс, у раённай лякарні, у будынку РАУС і ў іншых грамадзкіх месцах у прысутнасьці іншых грамадзян шматкроць публічна выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі. Паводле зьвестак сьледчых, Міхалка ў гэты час знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запатрабаваў год калёніі для жыхара Гомля за абразу Лукашэнкі

Пра ўчынак Міхалкі ўспомнілі толькі амаль праз тры месяцы, калі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў на яго крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. На той час Уладзімер Міхалка хаваўся і адразу затрымаць яго не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смаргонях асудзілі 19-гадовага хлопца за абразу Лукашэнкі ў сацсетцы. Тэлефон забралі як «прыладу злачынства»

21 сьнежня 2020 году сьледчы ў асабліва важных справах Рэчыцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Дзьмітры Локцеў вынес пастанову аб правядзеньні ператрусу ў адным з прыватных дамоў, дзе, на ягоную думку, мог хавацца Міхалка. Там яго знайшлі і затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Крымінальнага кодэксу выключаны артыкул «абраза». За мінусам прэзыдэнта, прадстаўніка ўлады, судзьдзі

Паводле зьвестак праваабаронцаў, цяпер Уладзімера Міхалку ўтрымліваюць у Гомельскім СІЗА. Мужчыну можа пагражаць да двух гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць маладых людзей, якія расьпісалі шчыты амапаўцаў. Адной з падсудных інкрымінуюць абразу Лукашэнкі