«Супраца зь „Беларуськаліем“ — фінансаваньне гвалту». У Вільні пікетавалі офіс кампаніі Yara

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Нарвэгіі каля офісу калійнай кампаніі, жнівень 2020

Беларусы Літвы заклікалі нарвэскую кампанію падтрымаць страйкам «Беларуськалію», а не кіраўніцтва беларускага дзяржаўнага прадпрыемства.

Буйную нарвэскую кампанію ў сфэры мінэральных угнаеньняў папрасілі перагледзець супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем», кіраўніцтва якога звальняла работнікаў за страйк і дасюль не гарантавала шахтарам бясьпечных умоваў працы, паведамляе тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга».

Беларусы выйшлі да віленскага офісу Yara з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі і англамоўнымі плякатамі «Падтрымлівайце беларусаў, а не дыктатуру» і «Супраца зь „Беларуськаліем“ — фінансаваньне гвалту».

Раней Yara выказала трывогу за сытуацыю на «Беларуськаліі», пасьля таго як рабочых прадпрыемства, якія абвясьцілі страйк, пачалі арыштоўваць і звальняць. Таксама ў апошнія месяцы былі выпадкі траўмаваньня і гібелі шахтароў. Нарвэжцы запатрабавалі ад «Беларуськалію» прытрымлівацца Кодэксу паводзінаў дзелавых партнэраў.

21 студзеня кіраўніцтва «Беларуськалію» афіцыйна выказала гатоўнасьць да далейшага супрацоўніцтва зь Yara, а сябры страйкаму, чый страйк напярэдадні зноў прызналі незаконным, адрэагавалі на заяву рэзкай крытыкай кіраўніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» заявіў, што гатовы прыняць на працу раней звольненых за страйк шахтароў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкам «Беларуськалію» заклікаў нарвэскую кампанію разарваць кантакт зь іх прадпрыемствам