Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуськалій» заявіў, што гатовы прыняць на працу раней звольненых за страйк шахтароў

абноўлена

Прадпрыемства «Беларуськалій»
Прадпрыемства «Беларуськалій»

Таксама ў кампаніі па здабычы калійнай солі паабяцалі супрацоўнічаць з нарвэскім партнэрам Yara.

У адмысловым звароце на сваім сайце беларуская дзяржаўная кампанія заявіла, што «па выніках рэгулярнага дыялёгу» гатовая далей узаемадзейнічаць з нарвэскай кампаніяй Yara на доўгатэрміновай аснове ў галіне прамысловай бясьпекі. Таксама «Беларуськалій» гатовы прыняць замежных спэцыялістаў для маніторынгу вытворчых працэсаў.

Акрамя таго, у Салігорску разьлічваюць на далейшае супрацоўніцтва ў бясьпецы ўмоваў працы, паляпшэньні здароўя і павышэньні сацыяльнага ўзроўню работнікаў.

Кіраўніцтва прадпрыемства заявіла таксама пра зьняцьце дысцыплінарных спагнаньняў з работнікаў прадпрыемства, а звольненыя раней супрацоўнікі могуць быць прыняты назад на працу «ў выпадку падачы імі адпаведных заяваў».

Адміністрацыя паведаміла, што сумесна з прафсаюзнымі арганізацыямі на прадпрыемстве абмеркавала павышэньне эфэктыўнасьці працы грамадзкага кантролю за бясьпекай вытворчасьці. Дзеля гэтага неўзабаве наймальнік і прафсаюзы ўнясуць прапановы для ўдасканаленьня «Палажэньня аб працы грамадзкіх інспэктараў».

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на навіну і нагадала кіраўніцтву «Беларуськалія», што патрабаваньні рабочых нашмат шырэйшыя, чым тыя, якія пазначаны ў рэлізе ад кіраўніцтва. Яны ўключаюць у сябе спыненьне рэпрэсій, вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне новых выбараў.

«Мы цалкам падтрымліваем патрабаваньні рабочых у стачцы і будзем працаваць з Yara, каб права працоўных на стачку было забясьпечана», – заявіла Ціханоўская.

19 студзеня калегія Вярхоўнага суду адхіліла апэляцыйную скаргу старшыні страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна на рашэньне Менскага абласнога суду, які ў верасьні прызнаў страйк на прадпрыемстве незаконным. 20 студзеня страйкам «Беларуськалію» заклікаў нарвэскую кампанію разарваць кантакт зь іх прадпрыемствам, паколькі кіраўніцтва парушае правы працоўных. Па словах заяўнікаў, дыялёг паміж кіраўніцтвам і страйкамам «Беларуськалію» так і не адбыўся.

Рэакцыя страйкаму на заяву кіраўніцтва

Сябры страйкаму «Беларуськалію» палічылі афіцыйную заяву кіраўніцтва жаданьнем дамагчыся падпісаньня чарговага кантракту зь Yara. На сваім тэлеграм-канале яны зьедліва пракамэнтавалі гэты крок кіраўніцтва.

«Круцячыся як вуж на гарачай патэльні, гендырэктар Іван Галаваты падобна Астапу Бэндэру, за сваю „кілбасу“ ў выглядзе кантракту з Yara гатовы сёньня абяцаць членам страйкаму што заўгодна: аднаўленьне на працы, рост заробку, зьніжэньне нормаў выпрацоўкі, бясьпечныя ўмовы працы».

На думку страйкаму, «хунта, што захапіла ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, адпавядае ўсім прыкметам тэрарыстычнай арганізацыі», а таму весьці зь ёй перамовы ня варта. Ніякім абяцаньням Галаватага і ягоных калег з кіраўніцтва страйкамаўцы ня вераць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG