Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі падняў галаву фашызм». Страйкам «Беларуськалію» зьвярнуўся да нарвэскай кампаніі Yara


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ля нарвэскай кампаніі Yara International. Архіўнае фота.

Страйкавы камітэт «Беларуськалію» заклікаў генэральнага дырэктара нарвэскай кампаніі Yara International, якая купляе ў Беларусі калійныя ўгнаеньні, запатрабаваць ад кіраўніцтва прадпрыемства выкананьня абяцаньняў.

У звароце да кіраўніка нарвэскай кампаніі Свайна Тура Гульсэтэра сьцьвярджаецца, што яго «мэтанакіравана ўводзілі ў зман», запэўніваючы, што нікога з рабочых-страйкоўцаў ня звольнілі. Акрамя таго, «у галіне аховы працы ня зроблена нічога, бо спэцыялісты гэтай службы цяпер занятыя на вытворчасьці толькі выяўленьнем непажаданай сымболікі і задушэньнем пратэставых настрояў у калектыве».

«Ідзе сыстэматычны ціск на работнікаў, якія знаходзяцца ў незалежным прафсаюзе. Работнікі, якія пажадалі выйсьці зь дзяржаўнага праўладнага прафсаюзу, ня могуць гэтага зрабіць — ім не падпісваюць заявы. Гэта сотні людзей!» — адзначаецца ў лісьце.

Страйкам заяўляе, што ў Беларусі «падняў галаву фашызм у самым чыстым яго выглядзе», і гэта «бяда ня толькі беларускага народу, дзясяткаў забітых і сотняў скалечаных, тысяч затрыманых і рэпрэсаваных, але і ўсіх тых, хто змагаўся з карычневай чумой падчас Другой сусьветнай вайны».

«Усе словы пра тое, што бізнэс ёсьць бізнэс і ўгоды ня могуць скасоўвацца паводле палітычных матываў, будуць усяго толькі звычайнай хітрасьцю і нежаданьнем адмовіцца ад імгненнай выгады дзеля перамогі агульначалавечых каштоўнасьцяў», — пішуць аўтары звароту.

Яны заклікаюць кіраўніцтва Yara запатрабаваць ад «Беларуськалія» «неадкладнага выкананьня» абяцаньняў і «безумоўнага выкананьня ўсіх правоў і свабод работнікаў». У адваротным выпадку працяг супрацоўніцтва Yara з беларускім прадпрыемствам «будзе выкарыстаны для прыгнёту працоўных і рэпрэсій супраць іх».

Нарвэжцы двойчы прыяжджалі ў Беларусь для вывучэньня сытуацыі (18 верасьня і 10 сьнежня) і праводзілі перамовы з кіраўніцтвам «Беларуськалію». 18 сьнежня гендырэктар Yara сустрэўся з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Святланай Ціханоўскай. Бакі абмеркавалі рэпрэсіі ў дачыненьні да шахтароў і ўмовы працы на прадпрыемстве.

Ціханоўская, як паведаміла яе прэс-служба, «выказала падзяку калектыву Yara за цьвёрдую пазыцыю і асуджэньне парушэньняў грамадзянскіх правоў працоўных на «Беларуськаліі». Яна падкрэсьліла важнасьць таго, каб Yara праяўляла салідарнасьць са страйкоўцамі і бараніла іх правы, чыніла ціск на кіраўніцтва «Беларуськалію» і публічна асуджала рэпрэсіі.

Свайн Тур Гульсэтэр і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазыцыю нарвэскага ўраду аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека. Паводле гендырэктара, парог непрымальнасьці сытуацыі на «Беларуськаліі» ўжо пройдзены і будуць разглядацца новыя магчымасьці ціску на беларускіх партнэраў і спосабы дапамогі страйкоўцам.

З моманту пачатку страйку ў жніўні на «Беларуськаліі» звольнілі 55 супрацоўнікаў, рабочыя атрымалі ў суме больш за 330 дзён адміністрацыйнага арышту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG