Лаўроў: Захад гаворыць пра Навальнага, каб адцягнуць увагу ад «крызісу лібэралізму»

Сяргей Лаўроў

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў раскрытыкаваў палітыкаў краінаў Захаду, якія заклікалі Маскву вызваліць затрыманага напярэдадні апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

На прэс-канфэрэнцыі ў панядзелак Лаўроў выказаў думку, што заходнія палітыкі «ўхапіліся» за навіну аб вяртаньні Навальнага ў Расею і пачалі яе камэнтаваць «пад капірку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны правёў ноч у пастарунку паліцыі пад Масквой, адвакатаў да яго не пусьцілі

«Гэта дазваляе, мяркуючы па ўсім, заходнім палітыкам думаць, што яны, такім чынам, змогуць адцягнуць увагу ад глыбокага крызісу, у якім апынулася лібэральная мадэль разьвіцьця», – сказаў кіраўнік расейскага замежнапалітычнага ведамства. Разьвіваць сваю думку ён ня стаў.

Вызваліць Навальнага запатрабавалі кіраўнікі МЗС і лідэры многіх краін Эўропы, а таксама дзяржсакратар ЗША і памочнік у нацыянальнай бясьпецы абранага амэрыканскага прэзыдэнта.

Некаторыя палітыкі заклікалі пашырыць санкцыі супраць Расеі, калі Навальнага не вызваляць. Краіны Захаду таксама працягваюць патрабаваць ад Масквы расьсьледаваньня абставінаў атручэньня Навальнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцінская палітыка — гэта пералік спэцапэрацый». Віталь Портнікаў пра вяртаньне Навальнага