Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцінская палітыка — гэта пералік спэцапэрацый». Віталь Портнікаў пра вяртаньне Навальнага


Аляксей Навальны

Уся расейская палітыка пуцінскіх дзесяцігодзьдзяў — гэта, уласна, і не палітыка зусім, а пералік спэцапэрацый рознага маштабу.

Была спэцапэрацыя зьнішчэньня ЮКАСу з арыштам Міхаіла Хадаркоўскага, раскраданьнем актываў і прадказальнымі судовымі прысудамі. Была спэцапэрацыя «супакаеньня» Грузіі, якая завяршылася расейска-грузінскай вайной і фактычнай анэксіяй грузінскіх аўтаномій. Была спэцапэрацыя захопу Крыму з удзелам «ветлівых зялёных чалавечкаў» і ўжо фармальнай анэксіяй паўвострава.

І вось цяпер гісторыя зь вяртаньнем Аляксея Навальнага зь Нямеччыны таксама аформленая ў духу банальнай апэрацыі спэцыяльных службаў — прычым апэрацыі, якая зьяўляецца як бы апэндыксам да іншага пляну, пляну атручэньня «фігуранта». Паведамляем аб прыбыцьці самалёта ва Ўнукава — запускаем інфармацыю аб тым, што самалёт накіраваны на вайсковы аэрадром — адпраўляем самалёт у Шарамецьцева — блякуем Унукава — затрымліваем «фігуранта» ў Шарамецьцеве. Малайцы! Так і бачу, як кіраўнікі гэтай спэцапэрацыі пыхкаюць на якой-небудзь нарадзе, спрабуючы распрацаваць гэты выбітны плян захопу і ізаляцыі апанэнта. І я ўпэўнены, што для іх гэта самая што ні на ёсьць палітыка.

А гэта не палітыка. Гэта унтэр-прышыбееўшчына. Гэта выгнаньне палітыкі з жыцьця велізарнай краіны. І справа нават ня ў тым, што ў лёгіцы спэцапэрацый думае кіраўнік гэтай самай вялікай краіны Ўладзімір Пуцін. Справа ў тым, што сам аўтарытарны рэжым можа існаваць (і ў сучаснай Расеі зусім не зрабілі нейкага адкрыцьця), калі ён падмяняе праўду прапагандай, а палітыку спэцапэрацыямі. Мы ж выдатна разумеем, што ўжо сама адмова ад прапаганды і спэцапэрацый стварылі б у Расеі і вакол яе зусім іншую палітычную рэальнасьць.

Зьявілася б непрыдуманая канкурэнцыя на выбарах, і ў ёй патанулі б і «Адзіная Расія», і «Справядлівая», а можа быць, і сам вялікі і жудасны кіраўнік. Зьявілася б рэальная адказнасьць за карупцыю, і тады расьсьледаваньнямі крадзяжу спрытных чыноўнікаў займаўся б ня блогер, дзеля ізаляцыі якога трэба было ставіць на вушы два сталічныя аэрапорты. Грузія вяла б перамовы са сваімі аўтаноміямі аб аднаўленьні тэрытарыяльнай цэласнасьці. Ніякага Крыму ў складзе Расеі — і ніякага канфлікту з Украінай і цывілізаваным сьветам таксама не было б, таму што самі жыхары Крыму па-за расейскай спэцапэрацыяй не паўставалі б супраць уласнай дзяржавы, не праводзілі фэйкавых рэфэрэндумаў і не прымалі рашэньня аб далучэньні да Расеі. Словам, што тут пералічваць — гэта была б нармальная краіна для нармальных людзей, якая знаходзіцца ў паважлівых адносінах з суседзямі і ў дыялёгу з цывілізаваным сьветам. Краіна без адзіночных пікетаў, але са звычайнымі дэманстрацыямі, без санкцый і антысанкцый, без выкрадзеных тэрыторый і нарабаванага дабра. Так, і ў гэтай краіне злодзей абавязкова сядзеў бы ў турме, а не ў начальніцкім кабінэце.

Але тады гэта была б Расея бяз Пуціна. Для таго, каб Расея заставалася краінай для Пуціна, пастарэлыя мужыкі ў генэральскіх мундзірах распрацоўваюць адну прымітыўную спэцапэрацыю за адной, нават не разумеючы, якім нафталінам ад усяго гэтага нясе і якім нафталінам у выніку нясе ад краіны, якую яны асядлалі. Таму што яны прывыклі дыхаць гэтым нафталінам, як паветрам, і горш за «Новичка» баяцца любога сьвежага дыханьня. Нават на лютым марозе каля ўваходу ў маскоўскія аэрапорты.

Віталь Портнікаў — кіеўскі журналіст, аўтар і вядоўца праграмы расейскай службы Радыё Свабода «Дароги к свабоде».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG