Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША і Эўропе гучаць заклікі да неадкладнага вызваленьня расейскага апазыцыянэра Навальнага


Затрыманьне Аляксея Навальнага ў маскоўскім аэрапорце. 17 студзеня.

Джэйк Саліван, якога абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн мае намер прызначыць дарадцам у нацыянальнай бясьпецы, заклікаў неадкладна вызваліць крытыка Крамля Аляксея Навальнага.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», у сваім твіты, апублікаваным у нядзелю, Саліван заявіў, што «атакі Крамля на Навальнага — гэта ня проста парушэньне правоў чалавека, але і абраза расейцам, якія хочуць, каб іх галасы былі пачутыя».

Да вызваленьня Навальнага заклікаў і сэнатар Бэрні Сандэрс, які падкрэсьліў, што ЗША павінны праяўляць салідарнасьць з тымі, хто змагаецца з карупцыяй і працуе на карысьць дэмакратыі ва ўсім сьвеце.

Старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль назваў затрыманьне Навальнага «непрымальным».

«Я зьвяртаюся да расейскіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць яго», — напісаў ён у Твітэры.

З аналягічным заклікам зьвярнуўся да ўладаў Расеі МЗС Францыі.

«Разам са сваімі эўрапейскімі партнэрамі Францыя з максымальнай увагай сочыць за сытуацыяй і патрабуе яго (Навальнага) неадкладнага вызваленьня», — падкрэсьліваецца ў заяве прэс-сакратара францускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Вызваліць Навальнага заклікаў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, які назваў затрыманьне палітыка «спробай запалохаць дэмакратычную апазыцыю ў Расеі» і заклікаў прыняць «апэратыўныя і недвухсэнсоўныя» захады ў адказ на ўзроўні Эўразьвязу.

Раней Літва заявіла, што яна зьвернецца да Эўрапейскага зьвязу з заклікам неадкладна ўвесьці новыя санкцыі супраць уладаў Расеі ў адказ на арышт Навальнага.

Расейская паліцыя затрымала Навальнага па прыбыцьці ў маскоўскі аэрапорт у нядзелю, пасьля таго, як ён вярнуўся ў Расею зь Нямеччыны ўпершыню пасьля атручэньня летам мінулага году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG