«Запіс з кабінэту Зайцава значна даўжэйшы», — аўтар расьсьледаваньня EUObserver

Сядзіба КДБ, Менск.

Карэспандэнт брусэльскага выданьня EUObserver Эндру Рэтман расказаў Свабодзе аб працы над расьсьледаваньнем, у якім гаворыцца пра магчымае плянаваньне спэцслужбамі Беларусі палітычных забойстваў на тэрыторыі Эўразьвязу.

Хто такі Эндру Рэтман:

  • Яму 37 гадоў, нарадзіўся ў Варшаве.
  • Піша для EUobserver пра міжнародныя адносіны.
  • Далучыўся да сайта ў 2005 годзе. Спэцыялізуецца на Ізраілі, Усходняй Эўропе, дыпляматычнай службе ЭЗ і пытаньнях бясьпекі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і КДБ плянавалі забойствы апанэнтаў у Нямеччыне? Расьсьледаваньне EUObserver

Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні

  • Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
  • Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).
  • Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.
  • Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
  • З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

Колькі трывала праца над расьсьледаваньнем

— Праца над гэтым расьсьледаваньнем працягвалася некалькі месяцаў. Я пачынаў зь невялікага кавалка інфармацыі ад крыніцы і намагаўся знайсьці больш і больш. Затым трэба было ўсё аб’яднаць. Найбольш часу заняло пацьверджаньне сапраўднасьці запісу. Вядома, я давяраў сваёй крыніцы, але я мусіў даказаць праўдзівасьць сваім чытачам, бо запіс вельмі сэнсацыйны. Праслушка ў кабінэце кіраўніка КДБ — гэта ня жарты. І гэтае пацьверджаньне сапраўднасьці я атрымаў.

Чаму ўкраінскія спэцслужбы атрымалі запіс яшчэ летась, а EUObserver — толькі цяпер?

— Гэтаму запісу ўжо 8 гадоў. Я ведаю ад Ігара Макара (былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз»), што ён перадаваў гэтую стужку амэрыканскім дыпляматам яшчэ ў 2012 годзе. Думаю, што яны перадалі гэта нямецкім спэцслужбам. Калі гэта было перададзена ад адной спэцслужбы краіны NATO іншай, то магчыма, што нехта перадаў гэта і ўкраінцам.

Я ня думаю, што гэты запіс утрымлівае нешта новае для спэцслужбаў у Эўропе. Але для звычайных людзей гэта вялікая навіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка атрымала запісы размоў у КДБ Беларусі яшчэ летась, — Нацпаліцыя Ўкраіны

Ці спрабавалі вы атрымаць камэнтар ад КДБ ці спадара Зайцава?

Так. Калі робіцца расьсьледаваньне такога размаху, то, маючы ўсё гатовае да публікацыі, ты пытаесься ў герояў матэрыялу пра іх рэакцыю.

Я ані разу ў сваёй працы не атрымліваў ніякага адказу ад КДБ у Беларусі, таму адразу напісаў у МЗС. Гэта было на мінулым тыдні. Я кантактаваў і з «Космас-ТВ». Я тлумачыў, што рыхтую матэрыял пра перасьлед беларускіх уцекачоў у Эўропе, і распытваў, ці можна пра гэта паразмаўляць, бо вы героі гэтага расьсьледаваньня. Я атрымаў толькі сьмешны адказ ад беларускай амбасады ў Брусэлі. Яны напісалі, што ім прыемна, што я напісаў, бо звычайна, на іх думку, мы пішам матэрыялы супраць Беларусі бяз спробы пагаварыць зь імі. Я адказаў, што выдатна, тады давайце паразмаўляем. Але больш яны не адказвалі.

Магчыма, яны не ўспрынялі мяне сур’ёзна. Магчыма, таму, што я не раскрыў сутнасьць таго матэрыялу, які я маю. Я толькі паведаміў, што гэта датычыць апэрацыі супраць беларускіх уцекачоў у Эўропе.

Калі б яны ўсё ж хацелі даць мне свае камэнтары, то я з радасьцю выслухаю іх пазыцыю. У нас не было мэты выключыць іх з гэтага артыкула.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Камісар паліцыі Бэрліна папярэдзіла, што рыхтуецца маё забойства» — Алкаеў пра пляны Лукашэнкі і КДБ

Ці будзе працяг расьсьледаваньня?

У мяне няма чарговых гадзінаў запісаў, зь якіх можна было б зрабіць чарговыя цікавыя адкрыцьці. Запіс з кабінэту Зайцава, які я маю, сапраўды значна даўжэйшы, чым той, што мы апублікавалі. Але рэч у тым, што рэшта гутаркі даволі банальная і, галоўнае, яна можа дапамагчы раскрыць крыніцу. Таму я вырашыў не выкарыстоўваць увесь запіс.

Але я думаю, што мае крыніцы працуюць і з чарговымі запісамі. Я ня ведаю, ці прыйдуць яны да мяне, ці да кагосьці іншага. Я перакананы, што гэта прывядзе новыя крыніцы. Я ўжо атрымаў некалькі мэйлаў з інфармацыяй пра справу Шарамета.

Я дакладна ведаю, што буду працягваць пісаць пра Беларусь і працаваць са сваімі крыніцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністратарку чату «Контроль автозаков Минск» пасьля чарговага суду накіравалі на судова-псыхіятрычную экспэртызу