«Гэта высокі давер, аказаны маёй сьціплай асобе». Першая заява новага кіраўніка Беларускага касьцёла

Апостальскі адміністратар Казімір Велікаселец.

Біскуп Казімір Велікаселец, якога 3 студзеня папа Францішак прызначыў Апостальскім адміністратарам вакантнай катэдры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, лічыць такое рашэньне высокім даверам з боку Сьвятога Айца.

Новапрызначаны Апостальскі адміністратар Казімір Велікаселец заявіў сайту Catholic.by, што прызначэньне стала для яго нечаканасьцю:

«Гэта высокі давер, аказаны маёй сьціплай асобе, і я ўдзячны за яго папу Францішку. Усьведамляючы маю чалавечую абмежаванасьць для выкананьня даручанага адказнага заданьня, я давяраю маё пастырскае служэньне Найсьвяцейшай Паньне Марыі і прашу ўсіх маліцца за мяне, каб Бог мне дапамог выканаць Яго волю, як гэта напісана ў маім біскупскім гербе — Fiat voluntas tua — „Будзь воля Твая“», — сказаў біскуп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч пра сваю адстаўку: «Людзі мяняюцца, касьцёл застаецца»

Мітрапаліцкая катэдра Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі засталася вакантнай пасьля таго, як папа Францішак прыняў прашэньне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб выхадзе на пэнсію ў сувязі з дасягненьнем ім 75-гадовага ўзросту.

Да таго часу Кандрусевіч чатыры месяцы быў неўязны ў Беларусь, улады забаранілі яму ўезд і абвінавачвалі яго ў спробе «разгайдаць сытуацыю» ў краіне. Мітрапаліт Кандрусевіч пасьля 9 жніўня выступіў супраць гвалту сілавікоў.

На час да абраньня новага мітрапаліта Ватыкан прызначыў найстарэйшага ў Беларусі каталіцкага герарха Казіміра Велікасельца Апостальскім адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найстарэйшы ярарх Беларусі. Чым вядомы біскуп Велікаселец, якога папа часова прызначыў кіраваць Каталіцкай царквой

14 чэрвеня 2006 году Менска-Магілёўская мітрапаліцкая катэдра стала вакантнай пасьля сыходу на пэнсію яе першага арцыпастыра кардынала Казіміра Сьвёнтка. Да таго, як налета папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мітрапалітам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Апостальскім адміністратарам sede vacante больш за год быў цяперашні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак прыняў адстаўку кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Кандрусевіча, якога 4 месяцы ўлады не пускалі на радзіму

Функцыі старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі цяпер пераходзяць да горадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча.