Ініцыятыва BYPOL, створаная былымі беларускімі сілавікамі для расьсьледаваньня бясчынстваў сілавых структур на беларускіх вуліцах, а таксама палітычна матываваных арыштаў, катаваньняў, забойстваў, паведаміла, што раскрыла шэраг імёнаў сілавікоў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да арышту і ціску на Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў ГорадніУ матэрыялах гаворыцца, што задоўга да непасрэднага затрыманьня Ціханоўскага і чальцоў ягонай каманды ГУБАЗіК пачаў распрацоўку ў рамках справы апэратыўнага ўліку. Займаўся гэтым старшы опэрупаўнаважаны 2 аддзелу 3-й управы І.Т. Агульнае кіраўніцтва вёў М.Б. — начальнік 3-й управы. Але па выніках праведзеных апэратыўна-вышуковых захадаў ніякіх прававых падставаў для крымінальнай справы супраць Ціханоўскага не было.
Таму, паводле аўтараў расьсьледаваньня, вырашылі арганізаваць правакацыю. Загад аб гэтым дало кіраўніцтва МУС. У апэратыўнай камбінацыі галоўную ролю далі прастытутцы па мянушцы «Лямбада», якая канфідэнцыйна супрацоўнічала з опэрупаўнаважаным І.Т. Непасрэдны кантроль над рэалізацыяй камбінацыі ажыцьцяўляў намесьнік міністра ўнутраных спраў, які прыехаў у Горадню.
Ініцыятыва публікуе аўдыё з голасам чалавека, які падобны да голаса тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з выказваньнямі пра Ціханоўскага: «Няма на яго артыкула, варта прыдумаць і пасадзіць».
У выніку «іх злачынных дзеяньняў», як мяркуюць аўтары матэрыялу, Ціханоўскі ўжо 7 месяцаў «незаконна ўтрымліваецца пад вартай у сфабрыкаванай крымінальнай справе».
Ціханоўскаму інкрымінуюць злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 191 (Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў), 342 ч. 1 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і 364 ч. 1 (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Таксама аўтары BYPOL пішуць і пра павышэньні, якія атрымалі аўтары перасьледу Сяргея Ціханоўскага. Так, «за праяўленую стараннасьць» шэраг асобаў павысілі да новых пасадаў у ГУБАЗІК, Сьледчым камітэце і Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
6 месяцаў за кратамі. Як маюцца палітвязьні са «справы Ціханоўскага»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ініцыятыва BYPOL вызначыла, хто адказны за затрыманьне палітвязьня Міколы Дзядка