Вакцынацыя ад COVID-19 у Эўразьвязе пачнецца 27 сьнежня

Скрынкі з вакцынай Pfizer-BioNTech рыхтуюць на заводзе мэдычных прэпаратаў у штаце Мічыган, ЗША, для адпраўкі ў шпіталі, 13 сьнежня 2020

Эўрапейскае агенцтва па лекавых прэпаратах 21 сьнежня ўхваліла выкарыстаньне на тэрыторыі Эўразьвязу вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі, распрацаванай кампаніямі Pfizer і BioNTech

Пазьней у той жа дзень гэтае рашэньне фармальна пацьвердзіла Эўрапейская камісія.

Улады ЭЗ ужо заявілі: сэртыфікацыя вакцыны азначае, што масавая вакцынацыя ў краінах Эўразьвязу можа пачацца ўжо да Новага году. У шэрагу краін, у тым ліку ў Нямеччыне, Францыі, Аўстрыі і Італіі, яна пачнецца адразу пасьля калядных сьвятаў, 27 сьнежня.

Міністар аховы здароўя Нямеччыны Енс Шпан заявіў, што першымі пачнуць прышчапляць жыхароў дамоў для пажылых людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь першай з замежных краін зарэгістравала расейскую вакцыну «Спутник V»

Вакцына Pfizer стала першай зарэгістраванай у ЭЗ вакцынай ад COVID-19. У Вялікай Брытаніі і ЗША прэпарат быў ухвалены да масавага ўжываньня крыху раней. У ЗША ўхвалена і вакцына карпарацыі Moderna.

Паведамленьне пра пачатак масавай вакцынацыі ў ЭЗ супала з рэзкім ростам ліку інфікаваных каранавірусам у Вялікай Брытаніі — у сувязі са зьяўленьнем новага, больш небясьпечнага штаму каранавірусу. Шмат якія краіны ЭЗ перапынілі авіязносіны зь Вялікай Брытаніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ закупіць 2 мільярды дозаў вакцын супраць каранавірусу для бяднейшых краінаў

Шмат у якіх краінах ЭЗ таксама адзначаецца павелічэньне тэмпаў росту колькасьці заражаных. У шэрагу дзяржаваў, у тым ліку ў Нямеччыне, на калядныя і навагоднія сьвяты ўвялі жорсткія карантынныя захады.

У Расеі ўхваленая для масавай вакцынацыі вакцына «Спутник V» інстытуту імя Гамалеі. Акрамя Расеі, яе сэртыфікавалі таксама ў Беларусі.