Управа Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці ўстанавіла некалькі асобаў, якія сталі фігурантамі крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Паводле сьледзтва, днём 13 верасьня асобы, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Берасьця, а менавіта на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі «груба парушалі грамадзкі парадак, перашкаджалі руху транспартных сродкаў на ўказаным участку і нармальнаму функцыянаваньню прадпрыемстваў і арганізацый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25-гадовая берасьцейка ў СІЗА ў «карагоднай справе». Яе прызналі палітзьняволенайСьледчыя мяркуюць, што праз дзеяньні падазраваных перабоі ў транспартным руху назіраліся з 16.20 да 17.45, пацярпелі як асабістыя аўтамабілі грамадзян, так і тралейбусы. Агульны прастой усіх транспартных сродкаў тралейбуснага парку склаў больш за 29 гадзін. У аўтобусным руху «былі сарваныя 2 рэйсы, агульны прастой звыш 5 гадзін і ня выканана больш за 26 км прабегу».
Акрамя таго, сьледчыя вызначылі, што на розны час пратэстоўцы сваімі дзеяньнямі скарацілі працу трох гандлёвых шапікаў, а праца аднаго з рэстаранаў была перапынена больш чым на паўгадзіны.
У дачыненьні да 10 абвінавачаных крымінальную перавялі ў асобную вытворчасьць і перадалі пракурору для накіраваньня ў суд. Людзей вінавацяць па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый». Падазраваным пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў. Адзін з абвінавачаных зьмешчаны пад хатні арышт, астатнія знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Крымінальная вытворчасьць па справе, таксама заведзенай за падзеі 13 верасьня, працягваецца супарць яшчэ 9 грамадзянаў, а 37 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных.
13 верасьня ў Берасьці для разгону пратэстоўцаў сілавікі прымянілі вадамёт, хаця паводле праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, не было ніякіх падставаў яго выкарыстоўваць, паколькі берасьцейцы пратэставалі мірна і нічога не разьбівалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі «вадзілі карагоды». МУС патлумачыла, дзеля чаго ў Берасьці выкарысталі вадамётПа гэтай справе праходзіць 25-гадовая настаўніца ангельскай мовы Марына Глазава. Яе арыштавалі 25 верасьня, а пазьней перавялі пад хатні арышт. Праваабаронцы прызналі Глазаву палітзьняволенай. Усяго з Беларусі на дадзены момант 158 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэта-пчаляра вінавацяць па крымінальнай справе за карагод падчас пратэсту ў Берасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі народ, Ціханоўскія, дактары ды іншыя Героі 2020 году