Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25-гадовая берасьцейка ў СІЗА ў «карагоднай справе». Яе прызналі палітзьняволенай 


Пратэсты ў Берасьці
Пратэсты ў Берасьці

13 верасьня ў Берасьці праходзіла акцыя пратэсту, якая скончылася карагодам на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава. Пратэстоўцаў тады разганяў вадамёт.

УСК Берасьцейскай вобласьці пачало крымінальную справу аб масавых беспарадках, як падазраваную затрымалі жыхарку гораду Марыну Глазаву — настаўніцу польскай і ангельскай моваў. Адзіная дзяўчына ў гэтай справе, якая на гэты момант знаходзіцца ў СІЗА.

«Адукаваны, разумны чалавек, які верыць у справядлівасьць і хоча жыць у такой жа краіне. А тое, што яе абвінавачваюць, хутчэй за ўсё, ад таго, што яна зь „недастатковай павагай ставілася да сьледчага“. Вырашылі зрабіць „узор“ для іншых. Маўляў, сядзіце дома, не высоўвайцеся», — пракамэнтаваў для «Брестской газеты» кіраўнік мясцовага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Вялічкін.

Па словах бацькі дзяўчыны паэта Ўладзімера Глазава, першы час у родных і сяброў быў шок. Аднак з часам зьмірыліся, кажа ён. Зносіны з дачкой толькі празь лісты. Апошні прыйшоў 27 кастрычніка.

Самым цяжкім, мяркуючы з допісаў, быў час, калі яе пераводзілі з адной камэры ў іншую. Прыходзілася зноў і зноў прывыкаць да новых людзей.

«Дачка напісала, што новая кампанія добрая і вясёлая. З усімі пасябравалі. Усе дзеляцца адзін з адным сваімі перадачамі», — расказвае бацька.

На пытаньне, чаму адзіная затрыманая дзяўчына ў «карагоднай» справе менавіта ягоная дачка, Уладзімер Глазаў адказвае так:

«Маладая, незамужняя. Ёй 25 гадоў. Настаўніца. Усё гэта разам і стала прычынай, як мне здаецца. Ніякіх іншых падставаў ня бачу».

Паводле Сьледчага камітэту, падазраванымі ў «карагоднай справе» праходзяць 20 чалавек. На перакананьне Ўладзімера Вялічкіна, ніхто зь іх не заслугоўвае крымінальнага перасьледу.

«Парадку не парушалі, нічога не грамілі. А тое, што выйшлі на праезную частку... У кожнага берасьцейца былі выпадкі, калі не маглі праехаць па горадзе, бо мясцовыя ўлады арганізоўвалі якое-небудзь мерапрыемства. У выніку спынялі транспарт на цэлы дзень, што стварала нязручнасьці гараджанам. А тут літаральна на некалькі хвілін выйшлі. І разьдзімаць, што камусьці перашкодзілі... Перабор, я лічу».

27 кастрычніка адвакаты дзяўчыны абскардзіла ў абласным судзе яе ўтрыманьне пад вартай. Паседжаньне было закрытым, скаргу пакінулі без задавальненьня.

Падтрымаць Марыну Глазаву можна, напісаўшы ёй ліст на адрас: СІЗА-7, Берасьце, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG