Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці на 20 чалавек завялі крымінальную справу з прычыны перакрытага скрыжаваньня


Справа распачатая паводле часткі 1 артыкула 342 КК «Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Падазраванымі па справе праходзяць 20 чалавек, датычных да акцыі ў Берасьці, якая адбылася 13 верасьня.

Людзі ў той дзень сабраліся на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. У МУС тады заявілі, што дэманстранты заблякавалі рух транспарту — каля тысячы чалавек «вадзілі карагоды, сьпявалі песьні і выкрыквалі розныя лёзунгі».

У выніку супраць пратэстоўцаў ужылі вадамёт. У міліцыі разгон дэманстрантаў патлумачылі неабходнасьцю «аднаўленьня нармальнай жыцьцядзейнасьці грамадзян і бясьпекі дарожнага руху».

Сьледчы камітэт паведамляе, што аднаго з 20 падазраваных узялі пад варту. Чацьвёра раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці за ўчыненьне розных злачынстваў.

«Працягваецца праца, накіраваная на высьвятленьне і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці асобаў, вінаватых ва ўчыненьні названага злачынства. Памер нанесенай маёмаснай шкоды вызначаецца», — гаворыцца ў паведамленьні.

Артыкул 342.1 КК прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG