Транспартны збор заменяць падаткам, плянуюць атрымліваць паўмільярда рублёў штогод

Аўтамабілі на менскай кальцавой дарозе

Міністэрства фінансаў Беларусі разьлічвае зьбіраць ня меней за паўмільярда рублёў штогод у выглядзе транспартнага падатку.

Пра гэта 17 сьнежня паведаміў першы намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко на пашыраным пасяджэньні камісіі Палаты прадстаўнікоў у бюджэце і фінансах.

«Ацэнка з улікам патэнцыйнай колькасьці платнікаў транспартнага падатку — прыкладна 450-500 млн рублёў, калі сыстэма запрацуе ў поўнай меры, гаворка пра 2022-2023 гады», — спасылаецца на чыноўніка БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады засакрэцілі ад журналістаў транспартны падатак

Па яго словах, у 2021 годзе будзе пераходны пэрыяд, у які ад фізычных асобаў і арганізацый можа быць сабрана блізу 100 млн рублёў.

1 студзеня прапануецца адмяніць дзяржаўны збор за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, бо аўтааматары і юрыдычныя асобы адмаўляліся выплочваць неадэкватныя сумы. Паводле Дзяржаўтаінспэкцыі, фактычна палова транспарту езьдзіла без тэхагляду, да якога быў прывязаны збор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін спосаб вытрасьці кішэні беларусаў

Цяпер замест згаданага збору ўвядуць транспартны падатак, сума якога будзе залежаць ад актыўнасьці карыстаньня аўтамабілем. Стаўкі ў параўнаньні зь дзейнымі могуць зьнізіцца на 25% для прыватнікаў і на 15% для арганізацый.