6 месяцаў за кратамі. Як маюцца палітвязьні са «справы Ціханоўскага»

Ілюстрацыйнае фота. СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе знаходзяцца затрыманыя па «справе Ціханоўскага»

У канцы траўня — чэрвені былі арыштаваныя 10 паплечнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага і ён сам. На гэты момант толькі 4 зь іх выйшлі на волю.

Фігуранты так званай «справы Ціханоўскага» сталі аднымі зь першых палітвязьняў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. Амаль усе яны былі арыштаваныя ў канцы траўня — пачатку чэрвеня 2020 году, неўзабаве пасьля паездкі Сяргея Ціханоўскага ў Горадню 29 траўня. Пасьля тых падзеяў за краты трапіла амаль уся каманда блогера і некалькі актывістаў, якія далучыліся да яго ў канцы вясны.

Сярод першых палітвязьняў 2020 году былі сам Сяргей Ціханоўскі, а таксама сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай з Горадні Дзьмітры Фурманаў, Уладзімер Навумік, апэратар Вяргілі Ўшак, кіроўца Ціханоўскага Аляксандар Арановіч, Васіль Баброўскі, сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Арцём Сакаў, Уладзімер Няронскі з Слуцку, які за кратамі з 8 траўня, і Андрэй Новікаў. Празь некалькі тыдняў за краты трапілі берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, якія супрацоўнічалі са штабам Сьвятланы Ціханоўскай, а Кабанаў выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай пасьля арышту яе мужа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць арыштаваных у «справе Ціханоўскага». Сьпіс

У сярэдзіне ліпеня на волю выйшлі Васіль Баброўскі і Ўладзімер Навумік, якіх адпусьцілі з падпіскай аб нявыезьдзе. На пачатку жніўня на тых жа ўмовах вызвалілі Вяргілія Ўшака. 26 лістапада на мяжу Беларусі і Расеі вывезьлі Андрэя Новікава з Паставаў, якога як грамадзяніна Расеі дэпартавалі зь Беларусі на 10 гадоў. Як расказаў сам Новікаў у размове са Свабодай, крымінальную справу супраць яго не закрылі, ён застаецца абвінавачаным і тэарэтычна можа быць выдадзены Расеяй на запыт беларускага боку.

Іншыя арыштаваныя на пачатку лета паплечнікі Сяргея Ціханоўскага, як і ён сам, па-ранейшаму застаюцца за кратамі. Усіх іх вінавацяць у «арганізацыі групавых дзеяньня, у якія груба парушылі грамадзкі парадак» (Сяргея Ціханоўскага дадаткова яшчэ ў парушэньні шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. — РС). Свабода даведалася, як маюцца некаторыя зь іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найбольш не хапала свабоды». Два фігуранты «справы Ціханоўскага» вярнуліся ў Горадню. ФОТА, ВІДЭА

Сяргей Пятрухін

Блогер затрыманы 16 чэрвеня ля Пухавічаў і спачатку знаходзіўся ў ІЧУ Кобрыні. З 25 чэрвеня Пятрухіна трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Да яго даходзяць лісты, сам Пятрухін таксама можа пісаць. Адзін з апошніх яго лістоў апублікаваны ў «Брестской газете». Ён піша, што шмат чытае ў камэры і пачуваецца нармальна.

Сяргей Пятрухін

«У найлепшай турме Беларусі сядзець выдатна, — піша Пятрухін. — Кажуць (я не правяраў зь вядомай прычыны), што тут у свой час сядзеў Якуб Колас. Так што я нават рады, што падзяліў лёс такога выдатнага грамадзяніна і літаратара. Шкада, што мае здольнасьці і таленты зь ягонымі не параўнаюцца ні ў якім пункце... Справы ў мяне ў парадку. Дзякуючы адсутнасьці тэлефона і інтэрнэту я атрымаў выдатную магчымасьць заглыбіцца ў сябе і мець асалоду ад сваёй старой, на жаль, закінутай на шмат гадоў звычкі — чытаць. Тут добрая бібліятэка. Ёсьць Даўлатаў, Кастанэда. Але я ў свае паўста (мне 49) нарэшце пазнаёміўся з Быкавым і Караткевічам».

Як расказала Свабодзе намесьніца дырэктара «Брестской газеты» Тацяна Піскур, выданьне спрабавала перапісвацца і зь іншым берасьцейскім блогерам, Аляксандрам Кабанавым, але лісты ад яго не даходзяць са жніўня.

«Мы шмат ад каго з палітвязьняў атрымлівалі лісты, — расказвае Тацьцяна. — Мелі адказы ад Калесьнікавай, ад Севярынца, ад Васілевіча. Але ад Кабанава і Пятрухіна адказаў не было. І вось літаральна нядаўна адзін ліст ад Сяргея прыйшоў, мы яго часткова вырашылі апублікаваць. Піша, што ўсё добра ў яго. Але як мы зразумелі, ад нас яму чамусьці лісты не даходзяць».

Аляксандар Кабанаў

Затрыманы на дзень раней за Пятрухіна — 15 чэрвеня. Арышт спачатку адбываў у Берасьці, з 25 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

Аляксандар Кабанаў

«Мы праз АГП на сувязі з сваякамі і адвакатам, — расказала Свабодзе прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. — Ён сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Два тыдні таму зьезд АГП абраў яго намесьнікам старшыні партыі. У Кабанава сытуацыя ўскладняецца тым, што аддзел прымусовага выкананьня пакараньняў адправіў у СІЗА выканаўчы ліст (аб неаплачаных палітычных штрафах) і перакрыў яшчэ ў жніўні асабісты рахунак Аляксандра. Так што зараз усе пераведзеныя яму грошы здымаюць „пад нуль“. Ён ня мае як нешта купіць сабе ў СІЗА. Яго доўг каля 3000 рублёў. Мы зьвярталіся да праваабарончых арганізацыяў па дапамогу, але гэты мінус памяншаецца павольна. Сам ён піша, каб грошай яму не пераводзілі. Прынцыпова ня хоча карміць рэжым».

З словаў Ганны Красулінай, штаб Сьвятланы Ціханоўскай трымае сувязь і зь Сяргеем. Пераважна праз адваката, які наведвае Сяргея Ціханоўскага ў СІЗА Жодзіна двойчы на тыдзень. Нядаўна ў Вільні быў створаны фонд «Краіна для жыцьця». Ён дапамог ужо 20 семʼям палітвязьняў, якія працавалі ў камандах Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх.

Зьміцер Фурманаў

Гарадзенца Зьмітра Фурманава затрымалі разам зь Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня ў Горадні. Ён уваходзіў у ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай. Як і іншых фігурантаў «справы Ціханоўскага», Фурманава перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У канцы ліпеня бацькі палітвязьня і яго дзяўчына Вольга Каракіна галадалі ля муроў СІЗА на знак пратэсту. Неўзабаве пасьля гэтага Зьмітра перавялі ў турму Жодзіна.

Архіўнае фота. Родныя палітвязьня Зьмітра Фурманава, якія трымаюць галадоўку каля СІЗА на Валадарскага. 27 ліпеня 2020 году

«Дзіма добра трымаецца, лісты шле пазытыўныя, часта жартуе, — расказала Свабодзе Вольга Каракіна. — Адваката да яго пускаюць, яны ўжо рыхтуюцца да суду. Справу зь Менску накіравалі ў Горадню і перадаюць у суд. Судзіць будуць таксама ў Горадні, дакладная дата пакуль невядомая, але ў сьнежні або студзені. Дзімавы бацькі вельмі перажываюць».

Неўзабаве пасьля завяршэньня галадаваньня Вользе Каракінай пачалі званіць са Сьледчага камітэту і запрашаць на допыты. Яна таксама атрымала позву. Вольга перакананая, што зьявілася пагроза яе затрыманьня, таму дзяўчына вымушана зьехала зь Беларусі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).