57-гадовы Мікалай Аўтуховіч служыў ў Аўганістане, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з войска старшым прапаршчыкам у 1991 годзе і заняўся бізнэсам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя казармы, меў у родным Ваўкавыску некалькі пасьпяховых праектаў, сярод якіх «Таксі 22222».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Судовы канвэер у ізалятарах і турмах: 5 хвілін на справу, ціск, пагрозы, катаваньніПраблемы ў прадпрымальніка пачаліся пасьля таго, як ён даў паказаньні супраць працаўніка падатковай службы, абвінаваціўшы яго ў карупцыі, была нават распачата крымінальная справа. Тады Аўтуховіч ня раз казаў у СМІ, што праз гэтыя паказаньні і пачаліся маштабныя праверкі ягонага бізнэсу. У адказ Аўтуховіч і яшчэ каля 30 чалавек праводзілі сумесныя страйкі і галадоўкі пратэсту.
У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах.
Хронікі перасьледу:
Калі Аўтуховіча ўзялі пад варту ў сярэдзіне 2005 году, прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кіляграмаў вагі. У турэмным шпіталі ён адмаўляўся ад мэдычнай дапамогі, дактары ацэньвалі ягоны стан як цяжкі. Мікалай Аўтуховіч папрасіў сустрэцца з праваслаўным сьвятаром зь Берасьця айцом Сергіем. Урэшце яму зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт, ён выходзіў з галадоўкі ў раённым шпіталі пры дапамозе доктара-дыетоляга. За вызваленьне з-пад варты прадпрымальніка сябры сабралі сярод жыхароў Ваўкавыску каля тысячы подпісаў, якія накіравалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. У лісьце да генэральнага пракурора ён напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачаньні — несправядлівымі, таму ня будзе заставацца пад хатнім арыштам. Абвясьцілі вышук Аўтуховіча, у міліцэйскай абвестцы напісалі, што ён узброены, хаця зброі ня меў, і што ён адмоўна ставіцца да ўлады. Яго затрымалі ў Менску, калі ён прыйшоў у цырульню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзяржаўны тэлеканал абвінаваціў былога палітвязьня Аўтуховіча ў тэрарызьмеУ 2006 годзе Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 3,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з нанясеньнем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў.
Суд аб канфіскацыі маёмасьці адбыўся ў канцы 2007 году. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зьняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. Сканфіскавалі 13 таксовак, кватэру і два склады. Да спагнаньня была прызначана таксама вялікая сума грошай.
Праваабаронцы назвалі перасьлед палітычна матываваным і прызналі Аўтуховіча палітвязьнем. Вызвалілі Мікалая Аўтуховіча датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў з боку ЗША і Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьнікалі, траплялі за краты, зьяжджалі з краіны. Што стала зь бізнэсоўцамі, якія выступілі супраць ЛукашэнкіАднак на волі ён прабыў нядоўга. У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі (ён правёў пад вартай больш за год). Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасьці, а затым — у рыхтаваньні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Горадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў. Але гэтыя абвінавачаньні не былі даказаныя.
У сьледчым ізалятары № 1 у Менску Мікалай Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку супраць незаконнага перасьледу. Разам з Аўтуховічам былі затрыманыя яшчэ два актывісты прадпрымальніцкага руху, якіх праваабаронцы таксама прызналі палітвязьнямі.
У 2010 годзе Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі пяць гадоў вязьніцы строгага рэжыму «за незаконнае захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і патлумачыў перасьлед помстай за ягоную барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі. Вызвалілі Аўтуховіча пасьля сканчэньня тэрміну зьняволеньня 8 красавіка 2014 году.
«Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што»
У турме Мікалаю Аўтуховічу двойчы прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, аднак ён адмовіўся.
«Я не супрацоўнічаю і не ўваходжу ў змову з тымі, хто мяне пасадзіў, — сказаў Аўтуховіч пасьля вызваленьня. — З 2003 году яны мяне б’юць. Вынікае, адзінаццаці гадоў жыцьця як не было. Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што. Чаму? — Такая сыстэма, сыстэма ўлады. Яны ня хочуць самі сядзець у турме, таму туды трэба садзіць тых, хто іх выкрывае. Пачалося ўсё менавіта праз мае выкрыцьці. Мяне спрабавалі прымусіць плаціць ні за што, і я пачаў зьбіраць на іх кампрамат».
Падчас пратэстаў прадпрымальнікаў у 2016 годзе ён сказаў Свабодзе, што лічыць: «на плошчу выйсьці адзін раз і не сыходзіць зь яе». Займаўся стварэньнем агульнабеларускага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасьць». Таксама прапаноўваў ідэю стварэньня структуры, якая займалася б абаронай вязьняў.
У 2018 годзе Мікалай Аўтуховіч абмежаваў кантакты і не раскрываў месца свайго знаходжаньня. Казаў, што гэта выклікана спробамі правакацыяў улады супраць яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ траўні 2019 году Мікалай Аўтуховіч у фэйсбуку зьмясьціў зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікаў яго ў месячны тэрмін прызнаць свае памылкі і сысьці з пасады.
«Я — адзін з многіх грамадзян Беларусі, якога гэты рэжым незаконна пазбавіў уласнасьці і свабоды. Я — той чалавек, які не зьмірыўся зь свавольствам і злачынствамі ўлады», — пісаў у звароце Аўтуховіч.
Маці Мікалая Аўтуховіча жыве ў Ваўкавыску, ён мае жонку Алену, дачка Кацярына жыве за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Веру, што ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок». Як раённы начальнік застаўся без працы8 сьнежня каналы беларускай тэлевізіі паказалі сюжэт пра «тэрарыстаў», дзе гаворыцца, што Мікалай Аўтуховіч кіраваў групай, якая падпаліла будаваны дом і машыну міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падарвала аўтамабіль супрацоўніка міліцыі ў Горадні.
Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек, сярод іх праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч (ён жыў у Берасьці, але служыў у вёсцы Сьцепанкі Жабінкаўскага раёну), яго жонку Любоў і сына. Мікалай Аўтуховіч часта гасьцяваў у гэтай сям’і.
Праваабаронца Алег Воўчак сказаў, што паказанае па БТ выклікае шок. Ён устурбаваны станам здароўя Аўтуховіча.
«На відэа бачна, што ў яго зьвязаныя рукі, такое адчуваньне, што пабітая галава. Калі б паказалі ягоны твар, як звычайна паказвалі затрыманых дзяцей, якія прызнаваліся на камэру... А тут ён паказаны з вышыні. Узьнікае пытаньне — ці гэта ён насамрэч?» — кажа Алег Воўчак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Фёдар Лук’янаў: Спроба ператварыць Беларусь у акругу Расеі пагражае адваротным вынікамАпошнім часам Мікалай Аўтуховіч хаваўся, і гэта ні для кога не сакрэт, кажа праваабаронца.
«За ім быў кантроль, яму не давалі працаваць, ён асьцерагаўся ўсялякіх правакацыяў. Мы бачыліся зь ім год таму, а потым я яго і сам ня мог знайсьці. Я меркаваў нават, што ён не ў Беларусі, бо зусім пра яго не было чуваць, на яго ўжо неяк пачалі забывацца», — кажа Алег Воўчак.